Настаўніца з запраўкі ў Вілейцы расказала, чаму пайшла са школы
Відэа з выпускнікамі ў Вілейцы, што прыехалі на аўтазапраўку падзякаваць сваёй былой класнай кіраўніцы, стала папулярным у тыктоку. Але разам з тым выклікала пытанні: чаму настаўніца, якую дзеці памятаюць і любяць, вымушаная працаваць на АЗС? Былая настаўніца адказала.
У тыктоку завірусілася кранальнае відэа, на якім выпускнікі 11 класа адной з вілейскіх школ з кветкамі прыехалі на аўтазапраўку, каб падзякаваць сваёй былой класнай у дзень апошняга школьнага званка. Разам са школьнікамі прыехалі іх бацькі.
Kraj.by звязаўся з дзяўчынай і даведаўся, як яна ўспрыняла такі сюрпрыз.
Ганна Тарговіч каля года таму змяніла працу і цяпер працуе аператаркай на аўтазапраўцы.
— Гэтыя дзеці — мой адзіны выпуск за перыяд працы ў школе, я іх вяла пяць гадоў — з пятага па дзявяты клас. У нас шмат супольных добрых успамінаў. Гэты ўчынак быў нечаканы для мяне і вельмі прыемны. Мой уклад у іх выхаванне не прайшоў дарма, раз яны здольныя на такія прыгожыя ўчынкі і павагу да сваіх педагогаў, — сказала яна.
Цяперашняя праца на аўтазапраўцы Ганне падабаецца, хаця і працу ў школе яна ўспамінае з цеплынёй у голасе.
— Працу вырашыла змяніць не з-за зарплаты, проста захацелася новага досведу, — коратка пракаментавала свой выбар дзяўчына.