БЕЛ Ł РУС

Трамп прапанаваў Канадзе доступ да абароны пад «Залатым купалам». Пры адной умове

28.05.2025 / 16:14

Nashaniva.com

Вашынгтон прапанаваў Канадзе высокатэхналагічную абарону ад ракет: або за 61 мільярд долараў, або за ўступленне ў склад ЗША.

Прэм'ер-міністр Канады Марк Карні і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Фота: Anna Moneymaker / Staff / Getty Images

Як піша Financial Times, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп праз сацыяльную сетку Truth Social зрабіў гучную прапанову Канадзе: узяць краіну пад новую амерыканскую сістэму супрацьракетнай абароны пад назвай «Залаты купал».

Аднак за гэтую абарону Трамп запатрабаваў высокую цану: Канада мае стаць 51-м штатам ЗША. Калі ж яна хоча застацца незалежнай дзяржавай, то кошт удзелу складзе 61 мільярд долараў.

У адказ на заяву Трампа прэс-сакратар прэм’ер-міністра Канады Марка Карні, якога цытуе FT, нагадаў, што Канада — незалежная і суверэнная дзяржава, і такой застанецца. Урад краіны катэгарычна адхіліў прапанову, палічыўшы яе непрымальнай.

Канада і ЗША даўно супрацоўнічаюць у сферы бяспекі праз сістэму Камандавання паветрана-касмічнай абароны Паўночнай Амерыкі (NORAD, North American Aerospace Defense Command), створанай яшчэ ў 1958 годзе. Гэтая сумесная структура адказвае за кантроль паветранай і касмічнай прасторы Паўночнай Амерыкі, уключаючы папярэджанні аб пагрозах. Галоўны офіс знаходзіцца ў штаце Каларада, а падраздзяленні дзейнічаюць і на тэрыторыі Канады.

На фоне геапалітычнай напружанасці вакол Арктыкі, якая робіцца новай лініяй сутыкнення з Расіяй і Кітаем, як адзначае FT, пытанне пра ролю Канады ў новых стратэгіях бяспекі становіцца ўсё больш актуальным.

Прэс-сакратар канадскага прэм'ера адзначыў, што Канада вядзе шырокія і канструктыўныя перамовы з ЗША, у тым ліку пра мадэрнізацыю NORAD і магчымы ўдзел у «Залатым купале».

Сам Карні раней казаў журналістам, што пытанне аб удзеле ў «Залатым купале» «абмяркоўвалася на высокім узроўні», хоць не стаў называць кошт удзелу, запэўніўшы, што краіна «мае магчымасць, калі пажадае, узяць удзел у праекце праз інвестыцыі і партнёрства».

Улічваючы, што маршрут палёту міжкантынентальных ракет з Расіі — адной з асноўных пагроз, якую «Залаты купал» павінен перахопліваць, — пралягае менавіта над Паўночнай Канадай, удзел Атавы выглядае лагічным.

Аднак многія эксперты ставяцца да ўсёй ідэі скептычна. Паводле Рычарда Шымукі (Richard Shimooka), эксперта па абароне з Інстытута Макдональд-Лар'е ў Атаве:

«Гэта выглядае як элемент перамоўнага ціску. Канада ніколі не заплаціць 61 мільярд. Сама ідэя надзвычай тэхнічна рызыкоўная, да таго ж пазбаўленая дакладнасці ў дэталях. Яна звязаная з велізарнымі рызыкамі і падобная да «палёту на Месяц» — з вельмі няўстойлівай палітычнай і фінансавай падтрымкай у саміх Злучаных Штатах».

Трамп сцвярджае, што ўвесь праект будзе каштаваць 175 мільярдаў долараў і будзе рэалізаваны да канца яго прэзідэнцкага тэрміну. Але Бюджэтнае ўпраўленне Кангрэса ацаніла выдаткі на распрацоўку і запуск сістэмы ў суму да 542 мільярдаў долараў, прычым на працягу 20 гадоў.

Як адзначае выданне, сістэма пакуль што далёкая ад рэалізацыі, бо неабходныя для перахопу ракет з космасу тэхналогіі яшчэ не існуюць.

Чытайце таксама:

Трамп абвясціў пра стварэнне новай супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал», якая павінна стаць найлепшай у свеце

Карл ІІІ у Канадзе: Сапраўдная Поўнач моцная і свабодная

У Канадзе палеантолагі знайшлі масавае пахаванне дыназаўраў. Там ляжаць парэшткі тысяч жывёл

Каментары да артыкула