БЕЛ Ł РУС

У Літве высветлілі, што дапамогу, прызначаную бежанцам з Украіны, атрымлівалі і людзі з іншых краін. Сярод іх ёсць і беларусы

28.05.2025 / 17:13

Nashaniva.com

У Літве высветлілася, што дапамога, прызначаная бежанцам з Украіны, часткова трапляла і да грамадзян Беларусі, Расіі ды іншых краін. З-за гэтага Літве давядзецца вярнуць больш за мільён еўра ў бюджэт Еўрасаюза. Міністэрства сацыяльнай абароны і працы ўжо пачало ўнутраны аўдыт, а кіраўніцу агенцтва Еўрапейскага сацыяльнага фонду (ESFA), якое курыравала праект, звольнілі, піша LRT.

Эвакуацыя мірных жыхароў з украінскага Ірпеня, 9 сакавіка 2022 г. Фота: АР / Вадзім Гірда

Гэты праект быў накіраваны на падтрымку ўкраінцаў, якія ратаваліся ад вайны, і ўключаў дапамогу з харчаваннем, медыкаментамі, юрыдычнымі кансультацыямі, вывучэннем літоўскай мовы і працоўнай інтэграцыяй. Агулам на 2022—2023 гады было выдзелена амаль 17 мільёнаў еўра.

Аднак аказалася, што ў выніку пад гэты праект трапілі і людзі з 43 іншых краін, у тым ліку з Расіі, Беларусі, Казахстана, Таджыкістана і падобных краін, якія мелі дазволы на жыхарства ў Літве. Некаторыя з іх наведвалі моўныя курсы і атрымлівалі дапамогу ў працаўладкаванні.

Дзяржаўная служба кантролю выявіла, што 813 чалавек не мелі права атрымліваць гэтую дапамогу, бо не былі ўкраінцамі. З-за гэтага Еўракамісія адмовілася фінансаваць гэтыя выдаткі. У Сейме лічаць, што ESFA дапусціла халатнасць і няправільна трактавала правілы.

Агенцтва, аднак, сцвярджае, што на той момант правілы дазвалялі дапамагаць усім сацыяльна ўразлівым асобам, не толькі ўкраінцам, і што фактычная колькасць «неадпаведных» удзельнікаў была меншая — 484. Але незалежна ад гэтага сродкі ўсё адно прыйдзецца вярнуць.

Міністэрства прызнае, што гэтая сітуацыя непрымальная, і абяцае зрабіць усё, каб такое не паўтарылася. У ім пачаты ўнутраны аўдыт, каб высветліць усе акалічнасці інцыдэнту.

Чытайце таксама:

Вынікі апошняга апытання паказалі, што літоўцы прыхільна ставяцца да беларусаў

Гайд па легалізацыі і «пашпартах замежнікаў» у Літве і Польшчы

Еўрапейскі камісар падтрымаў пазоў Літвы супраць Беларусі за мігранцкі крызіс

Міністр унутраных спраў Літвы выказаўся за тэхнічнае ўзмацненне мяжы з Беларуссю

Каментары да артыкула