БЕЛ Ł РУС

«Мой тэрмін паўнамоцтваў падыходзіць да канца». Ілан Маск пакідае адміністрацыю Трампа

29.05.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Мільярдэр і кіраўнік Дэпартамента эфектыўнасці ўрада ЗША (DOGE) Ілан Маск заявіў, што тэрмін яго паўнамоцтваў у амерыканскай адміністрацыі заканчваецца, і падзякаваў прэзідэнту Дональду Трампу, піша Бі-бі-сі.

Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

«Паколькі мой тэрмін паўнамоцтваў у якасці спецыяльнага дзяржаўнага служачага падыходзіць да канца, я хачу падзякаваць прэзідэнту Дональду Трампу за прадстаўленую мне магчымасць скараціць марнатраўныя выдаткі», — напісаў ён у сваёй сацсетцы X.

«Місія DOGE з цягам часу будзе толькі мацнець, бо яна стане ладам жыцця ва ўсіх органах дзяржаўнай улады», — дадаў ён.

Напярэдадні Маск сказаў у інтэрв’ю CBS, што расчараваны «вялікім і прыгожым» законам Трампа па падатках і бюджэце. Па яго меркаванні, закон падрывае намаганні па скарачэнні выдаткаў і прывядзе да росту бюджэтнага дэфіцыту.

Пасля ўступлення Трампа на пасаду Маск быў прызначаны «спецыяльным дзяржаўным служачым», што дазваляла яму працаваць на дзяржаву 130 дзён у год. Калі лічыць ад інаўгурацыі 20 студзеня, то гэты тэрмін заканчваецца ў канцы мая. Белы дом, здаецца, пачаў фармальны працэс звальнення заснавальніка Tesla і SpaceX з пасады дзяржаўнага служачага ў ноч на чацвер.

Reuters паведамляе са спасылкай на крыніцы, што ў Маска не было размовы з Трампам перад абвяшчэннем пра сыход. Пры гэтым, паводле іх даных, рашэнне было прынята «на найвышэйшым узроўні».

Крыніца агенцтва таксама сказала, што сыход Маска «быў хуткі і без цырымоній». У красавіку Маск казаў, што плануе больш працаваць у сваіх кампаніях, а DOGE прысвячаць толькі адзін-два дні на тыдзень. Пазней ён сказаў, што плануе скараціць ахвяраванні на палітычныя праекты.

Маск абвінавачваў укаранёную ў ЗША бюракратыю ў тым, што DOGE не ўдалося дасягнуць усіх сваіх мэтаў, хоць яго аўтарытарны стыль і адсутнасць ведаў пра сучасныя палітычныя працэсы ў Вашынгтоне таксама адыгралі важную ролю.

«Сітуацыя з федэральнай бюракратыяй значна горшая, чым я думаў, — казаў ён. — Я ведаў, што ёсць праблемы, але, мякка кажучы, палепшыць сітуацыю ў Вашынгтоне — гэта вельмі складаная задача».

Маск прызнаваў, што не дасягнуў усіх сваіх мэтаў, нягледзячы на тое, што дзясяткі тысяч чалавек былі звольнены з дзяржаўнай службы, а некалькі агенцтваў і ведамстваў былі скарочаны або зачынены.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула