Міністр абароны Украіны перадаў Расіі дакумент, які адлюстроўвае пазіцыю Кіева па заканчэнні вайны
Рустэм Умераў заявіў, што перадаў памочніку Пуціна Уладзіміру Мядзінскаму «дакумент, які адлюстроўвае ўкраінскую пазіцыю» па завяршэнні вайны. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
Украінская дэлегацыя (выступае Рустэм Умераў) на перамовах у Стамбуле 16 мая. Фота: Evgeniy Maloletka / AP
Паводле яго слоў, Украіна чакае «мемарандум» ад расійскага боку:
«Мы пацвярджаем гатоўнасць Украіны да поўнага і безумоўнага спынення агню і працягнення дыпламатычнага ўзаемадзеяння. Мы не супраць далейшых сустрэч з расіянамі і чакаем іх «мемарандума», каб сустрэча не была пустой і сапраўды наблізіла нас да спынення вайны. У расійскага боку ёсць яшчэ як мінімум чатыры дні да ад’езду, каб прадставіць нам свой дакумент для азнаямлення».
Умераў падкрэсліў, што расійскі бок абяцаў перадаць «мемарандум» адразу пасля абмену палоннымі: «Мы заклікаем іх выканаць гэта абяцанне без прамаруджвання і спыніць спробы ператварыць сустрэчу ў дэструктыўную».
Наступны раўнд перамоваў можа прайсці 2 чэрвеня. Папярэдні прайшоў у Стамбуле 16 мая. Умераў і Мядзінскі ўзначальвалі ўкраінскую і расійскую дэлегацыі.