БЕЛ Ł РУС

«Усе пытаюцца, навошта гэтыя вяроўкі ў столі?» Мінчук купіў студыю і ператварыў яе ў чылаўт-зону

29.05.2025 / 9:32

Nashaniva.com

Кватэра з незвычайным інтэр'ерам знаходзіцца ў ЖК Vogue, на вул. Макаёнка, 12Б. Яе памер — 45 квадратных метраў, жылых з іх — 35,8. На гэтай кампактнай плошчы ўладальніку жылля ўдалося вылучыць спальнае месца, зону кухні, а таксама арганізаваць міні-кінатэатр.

Уладальнік кватэры Дзмітрый — хлопец нестандартны. Ён кіруе буйным прадпрыемствам, пры гэтым вельмі любіць бываць у розных месцах. Onliner.by зазірнуў да яго ў кватэру, каб даведацца, навошта мінчук абвесіў студыю вяроўкамі і абшыў усе сцены фанерай.

— Я купляў кватэру на этапе будаўніцтва. Як толькі дом быў здадзены, заехаў у яго праз месяц, напэўна, у ліку першых жыхароў. Давялося нават пажыць без гарачай вады, — смяецца Дзмітрый. — Рамонт рабіў паступова, часткова сваімі рукамі. Мэблю таксама вырабіў пад сябе.

Хлопец прызнаецца: любіць падарожнічаць, асабліва да мора або акіяна, таму пры афармленні жылля абапіраўся на свае захапленні. Да ўладкавання «квадратаў» падышоў арыгінальна.

— Так, у інтэр’еры з’явіліся элементы ветразя, марскія канаты, карабельная рында і вялікая колькасць дрэва, — працягвае мінчук. — Для мяне, заядлага эксперыментатара, караблі — гэта сімвал свабоды і руху, таму адзін з іх намаляваны на сцяне. Госці, што пераступаюць парог кватэры, часта просяць правесці экскурсію і расказаць, як гэта ўсё з’явілася. Ніколі ім не адмаўляю.

У якасці дадатковай забавы хлопец прымацаваў да сцяны гамак і падвесныя арэлі, каб мець магчымасць расслабіцца не толькі на хвалях, але і ў сценах шматпавярхоўкі.

Дзмітрый кажа, што па вартасці ацаніў як жыллёвы комплекс з сучасным лобі і кансьержам, так і саму лакацыю каля парку Чалюскінцаў.

— Памятаю, калі ўпершыню раніцай пачаў чуць спевы птушак, прыемна здзівіўся. Не думаў, што гэта магчыма ў цэнтры горада, — кажа хлопец.

Нягледзячы на вялізную любоў да першага жылля, мінчанін вырашыў перабрацца за горад, бліжэй да прыроды.

Дзмітрый гатовы аддаць незвычайную студыю з усёй мэбляй і тэхнікай за $112 тысяч (праўда, зараз цана зніжана да 106 тысяч даляраў).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула