БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка заявіў, што падзеж жывёлы ў Беларусі дасягнуў «гістарычнага максімуму»

29.05.2025 / 18:10

Nashaniva.com

29 мая падчас нарады з урадам Аляксандр Лукашэнка выказаў заклапочанасць сітуацыяй з падзяжом жывёлы ў Беларусі. Ён адзначыў, што ўзровень падзяжу дасягнуў гістарычнага максімуму, і гэта сур'ёзна шкодзіць жывёлагадоўлі.

«Пра што гаворыць статыстыка? Падзеж дасягнуў гістарычнага максімуму!», — заявіў Лукашэнка.

Ён прапанаваў для выпраўлення сітуацыі нестандартнае рашэнне: забіраць цялят з тых гаспадарак, дзе назіраецца высокі падзеж, і пераводзіць іх у лепшыя гаспадаркі — дзе добры догляд, працуюць ветэрынарныя дактары і амаль няма стратаў. За гэта гаспадаркам, у якіх жывёлу будуць забіраць, давядзецца заплаціць грошы, але галоўнае, маўляў — выратаваць маладняк.

Таксама Лукашэнка паведаміў, што напярэдадні наяўную сітуацыю праверылі і выявілася, што ветдактары часта хаваюць факты падзяжу.

«Раённыя ветдактары замест таго, каб лячыць, прафілактаваць і іншае, абмяркоўваюць з лекарамі ў гаспадарцы, як схаваць гэты падзеж. […] Гэта кашмар. Гэта недапушчальна», — заявіў ён.

Палітык падкрэсліў, што за такія выпадкі трэба караць — аж да крымінальнай адказнасці.

На канец красавіка 2025 года ў Беларусі налічвалася крыху менш за 4 мільёны галоў буйной рагатай жывёлы — 3 989 212. Гэта на 2,3% меней у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, калі пагалоўе складала больш за 4 мільёны.

Пры гэтым за 2024 год падзеж буйной рагатай жывёлы па краіне ў цэлым вырас амаль на пятую частку — на 19,1%. Калі ў 2023 годзе загінула 124,2 тыс. галоў, то ў 2024-м — ужо 147,9 тысяч.

Найбольшы рост падзяжу за год зафіксаваны ў Магілёўскай вобласці — на 35,4%. Далей ідуць Мінская (22,6%), Гомельская (22,3%), Віцебская (12%), Гродзенская (11,9%) і Брэсцкая (6,5%).

Чытайце таксама:

Як улады чарговы раз правалілі планы ў сельскай гаспадарцы

Масавая гібель жывёлы ў Магілёўскай вобласці. Пракуратура завяла дзясяткі крымінальных спраў

Пракуратура праверыла фермы Гомельшчыны. Факты жахлівыя

Лукашэнка зноў баіцца за страшны лёс беларускіх кароў

Каментары да артыкула