БЕЛ Ł РУС

Фотаархіў Veha збірае матэрыялы для праекта «Руіны Беларусі»

31.05.2025 / 21:14

Nashaniva.com

Праект Veha ўжо больш за пяць гадоў збірае старыя здымкі. Гэта публічны адкрыты лічбавы фотаархіў, які мае на мэце стварыць альтэрнатыўны механізм захавання фрагментаў беларускай гісторыі — «той нябачнай гісторыі, якая рэдка трапляе ў падручнікі». На сённяшні дзень больш за 2 000 чалавек даслалі Veha фатаграфіі для пяці тэматычных калекцый.

Пра праблему, з якой сутыкнулася ініцыятыва Veha Archive, напісаў культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Я думаю, шмат хто чуў, прынамсі краем вуха, пра ініцыятыву Veha Archive, якая займаецца зборам беларускай вернакулярнай фатаграфіі. У іх ужо было некалькі паспяховых праектаў, якія суправаджаліся публікацыяй прыгожых прафесійных фотаальбомаў. Напрыклад, «Дзявочы вечар», прысвечаны беларускім вяселлям, ці «Апошні фотаздымак», прысвечаны пахаванням. Зараз яны збіраюць матэрыялы для праекта «Руіны Беларусі», і сутыкнуліся з нечаканай праблемай. 

Руін у Беларусі аграмадная колькасць, як і іхніх фотак, але ж недастаткова здымкаў, зробленых звычайнымі людзьмі падчас падарожжаў ці нейкіх звычайных урачыстасцяў. Такіх здымкаў, каб там былі жывыя чалавечыя твары і эмоцыі. А менавіта яны і ёсць тым, што цяпер у пошуку».

Як даслаць свае фотаздымкі?

Адсканаваныя фотаздымкі ў добрай якасці (мінімум 2500 px) з подпісам: «Год? Месца? Каму належыць архіў?» неабходна даслаць на пошту archive.veha@gmail.com

«Руіны Беларусі» — калекцыя, якая расказвае пра лёс нашых камяніц. У свой час усе будовы Беларусі былі пад пагрозай знішчэння — войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але засталося на фотаздымках. 

Ёсць і выратаваныя, яны ствараюць нашае асяроддзе, увасабляюць гісторыю даўніны. Іншыя працягваюць разбурацца і патрабуюць нашай дапамогі, каб не знікнуць канчаткова. На фотаздымках мы бачым і людзей, да гэтых камяніц датычных. 

Адны фатаграфуюцца на тле руін, бо хочуць дакрануцца да высакароднай даўніны ці захаваць памяць пра мілыя мясціны, а іншыя здзекуюцца са зруйнаваных гарадоў, куды прыйшлі як акупанты. Так фотаздымкі расказваюць нам і пра крохкасць свету, дзе ўчорашні непахісны мур ляжыць пад нагамі, але і пра трываласць памяці, калі праз забыццё і занядбанне людзі вяртаюцца да камянёў сваёй Радзімы», — напісана на сайце Veha Archive.

Чытайце таксама:

Фотаархіў Veha запрашае падзяліцца сямейнымі фотаздымкамі

Архіў VEHA распачынае новы праект — «Руіны Беларусі»

Выходзяць у свет «Людзі Лесу» — чацвёртая кніга фотаархіва VEHA

«Справа кожнага». Чаму трэба пашукаць у сямейным фотаархіве здымкі пра лес і трапіць з імі ў кнігу

«Вельмі падобныя абрады — кветкі і месца збора сваякоў». Выйшлі кнігі вясельнай і пахавальнай беларускай фатаграфіі

Каментары да артыкула