БЕЛ Ł РУС

У Польшчы арыштавалі былога кіраўніка беларускага «Паспалітага рушэння» — пагражае 10 год за наркотыкі

1.06.2025 / 19:37

Nashaniva.com

37-гадовы Андрэй «Гусар» Буржынскі прыцягнуў увагу ліхім стылем кіравання BMW у цэнтры Варшавы і адмовіўся спыняцца на патрабаванне паліцыі. У пагоню кінуліся ўсе экіпажы побач, кіроўца ўрэзаўся ў бетонную лаву, кінуў машыну і пабег, але недалёка. У машыне знайшлі наркотыкі, сам «Гусар» быў пад какаінам і марыхуанай, а дома яшчэ каля 3 кілаграмаў наркотыкаў. Арыштавалі і яго 27-гадовую партнёрку. Адметна, што ў Беларусі «Гусар» адсядзеў за распаўсюд наркотыкаў сем гадоў.

Андрэй «Гусар» Буржынскі. Фота: фэйсбук

«Без падрабязнасцяў, але гэта ён», — сказала «Нашай Ніве» інфармаваная крыніца пра датычнасць 37-гадовага беларуса Андрэя Буржынскага да гучнай пагоні ў цэнтры Варшавы, якая адбылася ў сярэдзіне мая. 

Падрабязную справаздачу дае сайт паліцыі. Прыводзім яе ў скароце:

«Некалькі дзён таму паліцэйскія заўважылі на Плошчы Трох Крыжоў кіроўцу BMW, які ехаў вельмі агрэсіўна. Супрацоўнікі адразу падалі сігнал для спынення з выкарыстаннем гукавых і светлавых сігналаў. Аднак кіроўца пачаў рызыкоўна ўцякаць па цэнтры Варшавы. У пагоню ўключыліся ўсе паліцэйскія, што былі паблізу.

На вуліцы Брацкай кіроўца ўрэзаўся ў бетонныя лаўкі, кінуў машыну і працягнуў уцёкі пешшу. Праз некалькі дзясяткаў метраў яго затрымала паліцыя.

У аўтамабілі была знойдзена значная колькасць наркотыкаў — верагодна, менавіта таму ён не спыніўся. Як высветлілася, гэта 37-гадовы грамадзянін Беларусі.

Наркотыкі ў заплечніку колеру хакі. Фота: srodmiescie.policja.gov.pl

Яго даставілі ў камісарыят на вуліцы Вільчай. Там праверылі на наркатычныя рэчывы — тэст паказаў наяўнасць амфетаміну і какаіну.

Супрацоўнікі высветлілі, што падазраваны жыве з 27-гадовай жанчынай з Украіны. Паехаўшы да іх, паліцыянты заўважылі жанчыну, якая сядала ў «Мерседэс». Пры праверцы ў яе сумачцы былі знойдзены какаін і марыхуана.

Падазраваная адмовілася адкрыць кватэру добраахвотна, таму паліцыя выклікала пажарную службу, якая дапамагла ўвайсці. У вентыляцыйным канале былі знойдзены пакеты з наркотыкамі.

Фота: srodmiescie.policja.gov.pl

У выніку аперацыі было канфіскавана каля 3 кг розных наркотыкаў: какаін, амфетамін, метамфетамін, мефедрон, галюцынагенныя грыбы, марыхуана і таблеткі MDMA. Таксама былі знойдзены газавы пісталет, грошы, тэлефоны і ювелірныя вагі.

37-гадовы мужчына атрымаў абвінавачанне за ўхіленне ад дарожнай праверкі і захоўванне вялікай колькасці наркотыкаў. Яго 27-гадовая партнёрка таксама атрымала абвінавачанне. Суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры і прымяніў да пары часовы арышт на тры месяцы. Ім пагражае да 10 гадоў зняволення». 

Фота затрыманых прыводзяцца са спіны. У паліцэйскім фота знаёмыя пазналі Андрэя «Гусара» Буржынскага. 

Фота: srodmiescie.policja.gov.pl

Раней СМІ прадстаўлялі Андрэя «Гусара» Буржынскага кіраўніком ваеннага і грамадзянскага штабу «Паспалітага рушэння» — арганізацыі беларусаў у Польшчы, якая ставіла мэтай падрыхтоўку да вызвалення Беларусі, калі патрэбна — сілавым шляхам.

«Буржынскі быў інструктарам у базе ў Жэшуве, дзе займаліся людзі Сахашчыка і «Байпола». Ён іх фактычна ўсіх трэніраваў і ўсіх ведаў, таму яго і прызначылі як самага дасведчанага, калі стваралася «Паспалітае рушэнне» і харугвы.

Цяпер жыве ў Польшчы па міжнароднай абароне, ва Украіне не ваяваў, але займаўся валанцёрствам. Валодае некалькімі замежнымі мовамі і планаваў сысці ў бізнэс, з'ехаць жыць у Іспанію. «Паспалітым рушэннем» займаўся дзесьці да 2023 года, пасля чаго ці то аддаў, ці то прадаў шэфства ў арганізацыі Сяргею Чыславу-Бульбе», — сказаў «Нашай Ніве» знаёмы з ім чалавек.

У Беларусі Буржынскі ўжо быў судзімы па наркатычным 328-м артыкуле, ён адседзеў сем гадоў.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула