БЕЛ Ł РУС

У Гродне знеслі чарговы дом у гістарычным цэнтры. На грамадскім абмеркаванні інфармацыю пра знос утаілі ад людзей

3.06.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Ад векавога дома па вуліцы Васілька, 5 застаўся толькі фрагмент сцяны і кучы цэглы. Праекціроўшчыка раней западозрылі ў тым, што ён купляе фэйкавыя архітэктурныя ўзнагароды для сваіх праектаў.

Знесены будынак па вуліцы Васілька, 5 у Гродне. Пакінуты некранутым толькі невялікі фрагмент, каб абысці патрабаванні заканадаўства да рэканструкцыі. Фота: NewGrodno.By

Пра знос паведаміла мясцовае выданне NewGrodno.By. 

Што за дом

Будынак па вуліцы Васілька, 5 згадваецца ў 1907 годзе, як уласнасць мешчаніна Парфёненкі. У падомным апісанні забудовы Гродна 1924 года паведамляецца, што на ўчастку пад нумарам №5 размяшчаюцца цагляны жылы дом і аднапавярховая цагляная гаспадарчая пабудова.

З 1950 года ў будынку дзейнічаў дзіцячы яслi-сад №1. Побач было ўзведзена невялікае памяшканне, дзе размяшчаўся гаспадарчы блок з кухняй і пральняй. 

Дом па вуліцы Васілька, 5 у Гродне да зносу. Фота: Яндэкс.Карты

У 2018 годзе дзяржава перадала будынкі з участкам памерам 25 сотак у бязвыплатнае карыстанне праваслаўнай царкве. Святар Павел Сяргееў пачаў рыхтаваць прастору пад сацыяльны цэнтр «Васількі» і інклюзіўную пякарню «Пчала», дзе людзі з інваліднасцю маглі б выпякаць крафтавы хлеб і прасфоры.

У галоўным будынку планавалася надбудова мансардавага паверха і стварэнне канферэнц-залы, храма-капліцы, сталовай для бедных, цэнтра падтрымкі людзей з аўтызмам і пакояў для паломнікаў, а ў меншым — правялі капітальны рамонт, усталявалі камунікацыі і печ, рыхтуючы будучую пякарню.

Праект рэалізоўваўся пры гродзенскім архіепіскапе Арцеміі, які быў адхілены ад пасады пасля таго, як асудзіў гвалт пасля выбараў 2020 года. Антоній, пастаўлены на яго месца, заявіў, што праект яго не цікавіць і фінансаваць яго не будуць, пасля чаго будынкі проста аддалі як непатрэбныя.

Новага ўласніка будынак набыў, відаць, у пачатку 2024 года — 15 студзеня быў праведзены аўкцыён па продажы, стартавая цана склала каля 745 тысяч рублёў. 

План участка паводле дакументацыі, якая была паказаная ў час грамадскага абмеркавання. 

Паводле інфармацыі з аўкцыёна, з улікам таго, што будынак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Гродна, праект рэканструкцыі новы ўласнік мусіў узгадняць з Міністэрствам культуры.

Акрамя таго, было забаронена неабгрунтавана змяняць архітэктурны выгляд фасада, бо будынак з'яўляецца часткай гістарычнай забудовы. Аднак цяпер гэтага фасада не існуе зусім.

Грамадскае абмеркаванне з утойваннем

Новы ўласнік, скідзельская кампанія «СпектрІнвестГруп» (размяшчацца па адным адрасе з гандлёвай кампаніяй «Спектр-Трэйд»), вырашыў пераўтварыць будынак у малапавярховы жылы дом.

Рэндар праекта рэканструкцыі дома па вуліцы Васілька, 5. З дакументацыі грамадскага абмеркавання

У красавіку-маі 2025 года ў Гродне прайшло грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі 100-гадовага будынка па вуліцы Васілька, 5. Паводле праекта, у абноўленым доме павінны былі з’явіцца шэсць кватэр свабоднай планіроўкі, жылы мансардавы паверх, трэнажорная зала ў падвале і гаспадарчыя пабудовы на тэрыторыі. Таксама прадугледжваліся добраўпарадкаванне двара, зона адпачынку і паркоўка на дзесяць аўтамабіляў.

Рэндар праекта рэканструкцыі дома па вуліцы Васілька, 5. З дакументацыі грамадскага абмеркавання

У прыкладзенай дакументацыі, распрацаванай мясцовым праектным бюро «Інтэлсток Інжынірынг», дзе ў тым ліку мусіць апісвацца праектнае рашэнне, ні разу не згадваліся словы «знос», «дэмантаж», «разборка» і іншыя эўфемізмы разбурэння.

Здагадацца пра тое, што ад гістарычнага будынка ў хуткім часе анічога не застанецца, можна было толькі па пераліку адходаў, дзе значыцца ўнушальныя 1170 тон бітай цэглы. Адкуль у час «рэканструкцыі» ўзялося столькі лішняй цэглы, дакумент, выстаўлены на грамадскае абмеркаванне, не дае аніякага адказу. 

Толькі туманна адзначалася, што частка вонкавых сцен, перагародак і канструкцый даху «знаходзяцца ў часткова незадавальняльным стане» — фраза, якая насамрэч не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі, паколькі абследаванне не праводзілася.

Цэгла, якая засталася пасля зносу дома па вуліцы Васілька, 5. Фота: NewGrodno.By

На сёння ад большай часткі будынка засталіся толькі горы бітай цэглы. Частка найлепш захаванай цэглы сабраная ў кубы для паўторнага выкарыстання. Не кранулі толькі невялікі фрагмент — гэта неабходна, каб абысці патрабаванні заканадаўства да рэканструкцыі.

У гэтым праект вельмі нагадвае нядаўняе нахабнае знішчэнне летась дзвюх казармаў па вуліцы Шчорса, якое таксама праходзіла як «рэканструкцыя», але там нават не імкнуліся паўтарыць фасады.

Банер на будоўлі, які паказвае, як будзе выглядаць будынак пасля таго, як якога вымуруюць нанова з падмуркаў. Фота: NewGrodno.By

І хоць паводле рэндараў новы будынак будзе адбудаваны ў тым жа выглядзе, што і гістарычны, такое варварскае стаўленне да стогадовага будынка нельга назваць ні аднаўленнем, ні захаваннем культурнай каштоўнасці.

Фэйкавы пераможца

«Інтэлсток Інжынірынг» вядомы ў Гродне сучасным будынкам па вуліцы Вялікай Траецкай, 25 і амбіцыйным па архітэктуры гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам на рагу вуліц Дубко і Пушкіна, якому ў 2023 годзе быў прысуджаны гран-пры на Нацыянальным фестывалі архітэктуры.

Але, як звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына», далёка не ўсе свае ўзнагароды «Інтэлсток Інжынірынг» атрымаў заслужана.

Калаж з паведамленнем пра залатую ўзнагароду Arch Design Award 2025, атрыманую домам па Вялікай Траецкай вуліцы, 25. Цяпер допіс выдалены. Фота: інстаграм «Інтэлсток Інжынірынг»

У красавіку 2025 года кампанія пахвалілася тым, што іх праект грамадскага будынка па Вялікай Траецкай вуліцы, 25 у цэнтры Гродна атрымаў залатую ўзнагароду Arch Design Award 2025 у намінацыі архітэктурнага дызайну. Цяпер гэты допіс выдалены з сацсетак кампаніі, але інфармацыю перадрукоўвалі мясцовыя «Вячэрні Гродна», Hrodna.life, а таксама «Новы Час».

Насамрэч гэта фэйкавая ўзнагарода (vanity award), якая працуе па прынцыпе «плаці, каб перамагчы». І чым больш заплаціш, тым вышэйшае месца твой аб'ект зойме. 

Залатую ўзнагароду Arch Design Award, якой хвалілася кампанія, насамрэч атрымалі яшчэ больш за сотню праектаў. Фота: інстаграм «Інтэлсток Інжынірынг»

У 2025 годзе залатую ўзнагароду Arch Design Award атрымалі 134 праекты, срэбраную — 115 праектаў, бронзавую — 41 праект! Ужо па гэтых лічбах можна пераканацца, што ў рэальным конкурсе такой таўкатні на п'едэстале не можа і не павінна быць. 

І кожны з удзельнікаў заплаціў за гэтую «перамогу» ў ліку соцен іншых. Грошы збіраюцца на этапе рэгістрацыі, цэннік, які быццам бы прывязаны да даты, вар'іруецца ад 200 да 500 еўра. Толькі пасля аплаты можна даслаць свой праект. 

З пункту гледжання маркетынгу стратэгія добрая: кожная новая фэйкавая прэмія становіцца інфанагодай для згадкі кампаніі і яе аб'ектаў у СМІ, а таму ў заказчыкаў і абывацеляў складваецца ўяўленне пра кампанію як нацыянальны здабытак, а пра яе праекты — як пра непаўторныя шэдэўры. Але гэтая магія працуе роўна да таго моманту, як нехта не паспрабуе даведацца больш пра чарговую прэмію.

Першая перамога праекта дома па Вялікай Траецкай вуліцы, 25 на конкурсе IADA. Фота: інстаграм «Інтэлсток Інжынірынг»

Другая перамога праекта дома па Вялікай Траецкай вуліцы, 25 на конкурсе IADA. Фота: інстаграм «Інтэлсток Інжынірынг»

«Інтэлсток Інжынірынг» сарамліва прыбраў згадкі пра перамогу ў Arch Design Award, але ў сацсетках кампаніі засталіся паведамленні пра перамогі ў аналагічных конкурсах.

Улетку 2024 года паведамлялася пра атрыманне вышэйназванымі праектамі срэбранай і залатой узнагарод прэміі International Architecture & Design Awards (IADA). На сайце гэтак жа сотні пераможцаў, пры тым нават ёсць плацінавая ўзнагарода. Рэгістрацыя — 130 даляраў. Тыдзень таму кампанія зноў пахвалілася перамогай праекта дома па Вялікай Траецкай вуліцы, 25 у гэтым конкурсе, але ўжо ў якасці рэалізаванай пабудовы.

Няхай перамогі ў такіх «конкурсах» застаюцца на сумленні і кашальку кампаніі, але як бачым — за малой хлуснёй ідзе большая, разбуральная для гістарычнай спадчыны Беларусі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула