Расія прапанавала прыпыніць агонь на асобных участках фронту на 2—3 дні
Каментуючы вынікі перамоў у Стамбуле, кіраўнік расійскай дэлегацыі, памочнік прэзідэнта Расіі Уладзімір Мядзінскі паведаміў, што Расія прапанавала Украіне прыпыніць агонь на некаторых участках фронту на 2—3 дні. Мэта — даць магчымасць камандзірам забраць целы загінулых салдат.
Уладзімір Мядзінскі. Фота: Burak Kara/Getty Images
Паводле слоў Мядзінскага, украінскі бок паабяцаў у «найкарацейшы тэрмін» разгледзець гэтую прапанову. Ён патлумачыў, што кароткачасовае спыненне баявых дзеянняў, у тым ліку з адключэннем дронаў, неабходнае для вырашэння санітарнай сітуацыі ў «шэрай зоне», каб пазбегнуць эпідэмій.
Таксама ён пацвердзіў ранейшае паведамленне кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі Рустэма Умерава, што была дасягнутая дамоўленасць пра абмен усіх цяжка параненых ваеннапалонных па формуле «ўсіх на ўсіх», а таксама абмен маладымі салдатамі ва ўзросце да 25 гадоў.
Паводле слоў Мядзінскага, Расія атрымала ад украінцаў спіс з 339 украінскіх дзяцей, якіх Кіеў патрабуе вярнуць. Пры гэтым ён заявіў, што Расія нібыта не выкрадала дзяцей і назваў адпаведныя абвінавачанні «шоу для спагадлівых еўрапейцаў».
Чытайце таксама:
У Стамбуле дамовіліся толькі пра новы абмен палоннымі
Перамовы Расіі і Украіны ў Стамбуле скончыліся
Пачатак перамоваў Украіны і Расіі ў Стамбуле затрымліваецца на паўтары гадзіны
Украіна перадала свой мемарандум Расіі на ўкраінскай і англійскай мовах