БЕЛ Ł РУС

У Баварыі беларус ехаў зігзагамі на фуры з 2,4 праміле

2.06.2025 / 22:12

Nashaniva.com

У нямецкай Баварыі спынілі Польскі грузавік з 45-гадовым беларусам за рулём. Ён быў п'яны, а ў кабіне яшчэ і знайшлі наркотыкі, піша сайт «Беларусь и мир».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: partsq.com

Фура рухалася ў суботу 31 мая каля 22.30 вечара па трасе А8 у напрамку Мюнхена. Патруль заўважыў, што аўтацягнік едзе, хістаючыся з боку ў бок, таму пасля праезду грамады Іршэнберг вывела яго з руху для праверкі.

Кіроўца добраахвотна прайшоў алкатэст. Падазрэнні ў яго нецвярозасці пацвердзіліся — прыбор паказаў наяўнасць у арганізме больш за 2,4 праміле. Мужчыну адправілі ў бальніцу для ўзяцця ўзору крыві на аналіз і канфіскавалі ў яго правы.

Аднак гэтым справа не скончылася. Пры аглядзе кабіны ў ёй знайшлі яшчэ 1,3 грама марыхуаны.

Таму беларусу цяпер прыйдзецца адказваць па двух артыкулах: за кіраванне ў нецвярозым выглядзе і за парушэнне закона аб абарачэнні наркатычных сродкаў.

Каб вярнуць цягач з паўпрычэпам, польскаму перавозчыку давялося адправіць у Іршэнберг зменнага кіроўцу.

Чытайце таксама:

У Францыі беларуса-дальнабойшчыка знайшлі мёртвым у яго машыне

У Баранавічах мужчыну абвінавацілі ў падпале аўтамабіля вайскоўца ўнутраных войскаў

Трагедыі на пешаходных пераходах: чаму кіроўцы збіваюць людзей? Інструктар называе памылкі

Каментары да артыкула