Спявачка IOWA выступіла ў дзіўным касцюме і абурыла праваслаўных
Ураджэнка Беларусі Кацярына Іванчыкава прыехала на канцэрт у Вялікі Ноўгарад з нестандартнай сукенкай. За выбар адзення яе моцна раскрытыкавалі.
IOWA на канцэрце ў Вялікім Ноўгарадзе. Скрыншот з відэа
Выступ спявачкі быў прысвечаны Дню абароны дзяцей і праходзіў у расійскім Вялікім Ноўгарадзе.
Кацярына Іванчыкава апранула на сябе паўпразрыстую сукенку незвычайнай формы. Карыстальнікі твітара параўналі вобраз з мужчынскімі геніталіямі.
Генеральны дырэктар расійскага праваслаўнага тэлеканала «Спас» і прапагандыст Барыс Карчэўнікаў таксама абураўся, што касцюм спявачкі нагадваў мужчынскія геніталіі, а вобразы танцорак асацыяваліся са стрыптызам. Найбольш Карчэўнікаву не спадабалася тое, што выступ быў паблізу святых мошчаў, цудатворных абразоў і помніка 1000-годдзя Русі.
Сукенку распрацаваў расійскі брэнд, піша «Камсамольская праўда».
«Гэтая капсульная калекцыя літаральна і фігуральна здымае пакровы ўспрымання. З дапамогай модульных латэксных канструкцый і ўставак з футра аўтар пераасэнсоўвае «Барбарэла» адначасова як музу і як аб'ект крытыкі.
Візуальная мова нагадвае глянцавы эратызм культавага навукова-фантастычнага фільма 1968 года, але тут стылізацыя ператвараецца ў рэзкі каментар на тэму камерцыялізацыі жаночых цел», — патлумачыла кампанія, назву якой выданне не ўдакладняе.
Сама артыстка адмовілася каментаваць сітуацыю.