БЕЛ Ł РУС

Шмат Porsche, Bentley, «гелікі» — мінская мытня застаўленая даражэзнымі аўто

6.06.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Год таму Еўрасаюз уніфікаваў санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі, якія забараняюць экспарт у нашу краіну машын з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, электрамабіляў і гібрыдаў. Аднак відэа з мінскай мытні паказвае, што санкцыі ніяк не паўплывалі на тых, хто мае вялікія грошы.

Фота тут і далей: скрыншоты waldemar_wapl / Instagram

Porsche як «народная марка»

Беларускі блогер waldemar_wapl апублікаваў у інстаграме відэа, на якім паказаў, якія аўтамабілі можна ўбачыць на мытні пад Мінскам.

Як на самім мытным складзе, так і побач з ім стаіць вялікая колькасць люксавых аўто. У тым ліку шмат абсалютна новых машын, на якіх дагэтуль ахоўная плёнка або адмысловыя чахлы, з якімі аўтамабілі дастаўляюць дылерам.

«Паглядзіце, што тут яшчэ ёсць на мытні. Кожны дзень праязджаю і кожны дзень, вядома, аблізваюся», — расказвае блогер.

Першымі на відэа трапляюць Porsche Cayenne, Porsche GTS і BMW M4.

Далей можна ўбачыць аўтавоз з шасцю машынамі, як мінімум пяць з якіх — гэта Porsche розных мадэляў.

За плотам з надпісам «Зона мытнага афармлення» стаіць некалькі Mercedes V-класа, новыя Lexus, купэ Bentley і Audi RS6.

Сярод прэміяльных машын ёсць і варыянты, якія даставілі ў Беларусь са Штатаў праз Грузію, бо на Range Rover на відэа бачныя грузінскія транзітныя нумары.

Апроч розных Porsche, частка з якіх цалкам новыя, на мытні стаіць даволі шмат «гелікаў». Таксама ёсць новыя паркетнікі Audi, шмат разнастайных BMW і нават Lamborghini.

Адметна, што на мытні афармляецца шмат новых падсанкцыйных машын. Натуральна, што калі не ўсе яны, то амаль усе пасля мытнай ачысткі ў Беларусі паедуць у Расію.

Нават нягледзячы на тое, што за размытненыя ў Беларусі аўто пры продажы раней, чым праз 12 месяцаў, расіянам неабходна плаціць камерцыйны ўтылізацыйны збор, ільготная размытнёўка ў Беларусі ўсё адно выходзіць выгадней, чым плаціць у Расіі поўную мытню і капеечны льготны ўтыль.

Гэта, дарэчы, тлумачыць, чаму на відэа так шмат новых машын, паколькі аўто ва ўзросце да трох гадоў абкладаюцца стаўкай 48% ад кошту. Адпаведна, калі афармленне адбываецца на беларускага льготніка, мытная нагрузка змяншаецца да 24% ад кошту.

Не складана падлічыць, колькі 140-ы ўказ дае сэканоміць падобным дзялкам, калі машыны каштуюць па 100—200 тысяч еўра і болей.

У той жа час стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўто, маладзейшыя за тры гады, у Расіі ніжэйшыя, чым на тыя, што ўжо маюць тры гады з моманту выпуску.

Як такія аўто трапляюць у Беларусь?

Пасля таго як Еўрасаюз уніфікаваў санкцыі для Беларусі і Расіі, падсанкцыйныя аўто трапляюць туды паўднёвым шляхам праз Турцыю. Частка машын едзе сваім ходам, іншыя (у першую чаргу новыя) вязуць на аўтавозах.

Аўтамабілі, якія праз складаныя шляхі трапляюць з Еўропы ў Расію, афіцыйна выязджаюць з ЕС нібыта для купцоў з такіх краін, як Грузія, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Uladzimir Plakhotnikau (@waldemar_wapl)

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула