Французскі тыктокер прыгатаваў беларускую бабку пад песню Каржа — і выклікаў спрэчку аб прыналежнасці Бранска
Папулярны тыктокер DriceCook гатуе стравы розных краін, якія выбірае з дапамогай дроціка і карты. Гэтым разам ён трапіў у Беларусь.
DriceCook — даволі папулярны французскі тыктокер, у яго мільён падпісчыкаў. Яго фармат — гэта прыгатаванне страў з кухняў розных краін. Краіну ён выбірае выпадковым чынам: кідае дроцік у карту свету. Нядаўна ён трапіў у Беларусь.
Блогер выбраў для прыгатавання бабку. У рэцэпце ён выкарыстаў смажаную грудзінку, цёртую бульбу, цыбулю, муку, яйкі і сыр. Гатаваў бабку тыктокер пад песню Макса Каржа.
Ролік ужо набраў больш за тры мільёны праглядаў і амаль дзве тысячы каментарыяў. Вось толькі пад відэа разгарнулася нечаканая дыскусія. Людзі абмяркоўвалі не рэцэпт, а дакладнасць блогера. Многім гледачам падалося, што ён трапіў не ў Беларусь, а ў Расію.
«Калі Бранск стаў Беларуссю?» — спытала адна з каментатарак. На гэта француз без ваганняў адказаў, што трапіў у Хоцімск — пасёлак амаль на самай мяжы з Расіяй.
У выніку пад гэтым каментарыямі пачалася зацятая гістарычная спрэчка аб тым, ці быў калісьці Бранск беларускім. Аналагічныя спрэчкі ўзніклі і наконт Смаленскай вобласці: камусьці падалося, што дроцік прыляцеў менавіта туды.
Для справядлівасці, абмяркоўвалі пад відэа і рэцэпт. Многія пісалі, што гэта ненатуральная бабка, маўляў сапраўдную гатуюць толькі ў чыгунным гаршку ў печы, бульбу труць на больш дробнай тарцы, ды і сала выкарыстоўваюць без мяса. Хтосьці абураўся, што сыр у бабку ніхто не выкарыстоўвае. Аднак, іншыя адзначалі, што бабку ўсюды гатуюць па-рознаму.
А яшчэ тыктокеру дзякавалі за тое, што ён не стаў гатаваць банальныя дранікі. DriceCook на гэта адказаў, што гэтая страва яму таксама вельмі падабаецца.
Хтосьці з гледачоў пахваліў блогера за тое, што ён акуратна пачысціў бульбу: «Толькі за тое, як беражліва чысціць бульбу, ужо можна беларускае грамадзянства даваць!»