БЕЛ Ł РУС

Блогерка паказала спосаб, як даехаць з Мінска ў Варшаву і не стаяць у чарзе на мяжы

5.06.2025 / 9:0

Nashaniva.com

У каментарах прапанавалі яшчэ больш трапных лайфхакаў.

Варшава

Тыктокерка Маргарыта Зайцава расказала ў нядаўнім роліку, як дабралася з Мінска ў Варшаву і пры гэтым пазбегла сумнавядомых чэргаў на мяжы. Для гэтага ёй і яе спадарожніку давялося зрабіць кола:

«Увечары селі на цягнік Мінск — Калінінград. Усю ноч спалі нармальна, не скурчаныя. Некалькі разоў толькі прачыналіся на мяжы, каб памежнікі паставілі штамп».

Раніцай Маргарыта з мужчынам ужо былі ў Калінінградзе:

«Было пару гадзін на сняданак, пайшлі ў кавярню недалёка ад вакзала. Прыкладна аб 11-й селі на аўтобус Калінінград — Варшава ад Ecolines. Мяжа была пустая, прайшлі вельмі хутка, без чэргаў».

Прыкладна а 8-й вечара, піша Маргарыта, яны нарэшце даехалі да Варшавы. Дзяўчына падкрэслівае, што яны са спадарожнікам дакладна ведалі, колькі зойме шлях, а калі б ехалі праз Брэст і стаялі ў чарзе на мяжы, такой дакладнасці не было б. І, кажа яна, такі шлях пераносіцца лягчэй за стаянне ў чарзе — у Варшаву яны прыехалі «не замучаныя і выспаныя».

Такім чынам, дарога ад Мінска да Варшавы заняла прыкладна суткі. Квіткі абышліся прыкладна ў 240 рублёў на чалавека.

Новы шлях дзяўчыне спадабаўся. Відэа з яе расказам набрала амаль 170 тысяч праглядаў, і сярод мноства каментароў пад ролікам ёсць іншыя парады тым, хто гатовы аб’язджаць чаргу на польскай мяжы.

Прадказальна большасць такіх варыянтаў звязаная з Літвой. Калі і рабіць кола, то не абавязкова даязджаць ажно да Калінінграда — Вільня бліжэй:

«Даязджаеш на аўтобусе да Вільні за 4,5 гадзіны, з іх звычайна 2 гадзіны на мяжы. Гэта 55 еўра. Потым рэйсавым цягніком да Варшавы [едзеш] 8 гадзін. Гэта [яшчэ] 25 еўра. Усё».

«Аўтобус Мінск — Марыямпале ад Ecolines а 8-й раніцы, перасадка да Варшавы праз паўтары гадзіны на рыжскі Ecolines, і ў 23:30 [вы] ужо ў Варшаве. Пакуль чакаеце перасадку ў Марыямпале — на вакзале ёсць туалет, кавярня з абедамі і кавай. З Мінска да Варшавы прадаецца адзіны квіток за 200 рублёў, мяжу праходзяць праз Беняконі, дзе за суткі ідзе толькі восем аўтобусных рэйсаў».

«Праз Вільню хутчэй і танней, галоўнае — стыкаваць аўтобусы».

Некаторыя каментатары нагадваюць, што на брэсцкім памежным пункце аўтамабілісты могуць зарэгістравацца ў электроннай чарзе — тады дастаткова проста пад’ехаць на мяжу, калі падыдзе ваша чарга.

Ёсць і іншыя варыянты:

«Мой шлях быў: цягнік Калінкавічы — Брэст за 25 рублёў, таксі з вакзала на мяжу — 6 рублёў. Аўтобус Брэст — Тэрэспаль за 40 рублёў і цягнік Тарэспаль — Варшава за 75 злотых».

«Даехаць да Брэста штадлерам — 3 гадзіны, хвілін 15 на таксі да мяжы, потым у першы аўтобус на стамятроўцы. Праходжанне мяжы [займае] 6-12 гадзін, і яшчэ 2,5 гадзіны — да Варшавы».

«Да Брэста цягнік, 10 рублёў на таксі да мяжы. 100 рублёў на падсадку ля шлагбаума, каб даехаць да Варшавы. Я так апошнія разы ехаў».

Што да шляху праз Калінінград, у яго ёсць і свае мінусы. У каментарах Маргарыта напісала, што атрымала шмат новых штампаў у пашпарт — іх ставілі і расійскія памежнікі, і літоўскія, бо цягнік на Калінінград праходзіць па літоўскай тэрыторыі.

Чытайце таксама:

Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС і каго на іх выклікаюць

«Чэкі, усё да дна, кожную скрыначку адчыняюць». Што кажуць пра праверкі на мяжы беларусы, якія нядаўна вярталіся з Польшчы

Польшча будуе новую электронную сцяну на мяжы з Беларуссю

Каментары да артыкула