Мужа пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак асудзілі за фінансаванне «экстрэмізму»
Вадзім Пажывілка доўгі час займаўся выдавецкім бізнэсам.
Вадзім Пажывілка. Фота: фэйсбук
У міліцэйскім спісе «экстрэмістаў» з’явіўся 55-гадовы мінчук Вадзім Пажывілка. Фізік па адукацыі, ён доўгі час займаўся выдавецкім бізнэсам — быў дырэктарам выдавецтваў, якія выпускалі дзіцячую і навукова-папулярную літаратуру. Пасля працаваў у турызме.
Вадзім Пажывілка — муж папулярнай пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак. Яна разам з Андрэем Жвалеўскім напісала некалькі дзясяткаў кніг для падлеткаў.
Пажывілку асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па артыкуле 361-2 Крымінальнага кодэкса — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».
Насупраць яго імені ў міліцэйскай базе стаіць пазнака «судзімасць не пагашана». Гэта значыць, што Пажывілка атрымаў хатнюю хімію.