Беларуска падзялілася ўражаннямі ад аўтобуснага тура ў Дагестан — 32 гадзіны да першага начлега
Блогерка Паліна выбралася з маці ў экзатычны адпачынак і расказала пра яго дэталі ў тыктоку.
Фота: kholiavo / TikTok
Каб трапіць у Дагестан, Паліна набыла месца ў туры аднаго з беларускіх турагенцтваў. Тур быў аўтобусны, таму дзяўчыне і яе маці давялося перажыць доўгую дарогу. Нашмат даўжэйшую, чым у пераездах па Еўропе: да першага начлега, які быў запланаваны ў Пяцігорску, турысты ехалі ажно 32 гадзіны, а агульны шлях да Дагестана заняў два дні.
Група набралася вялікая — ажно 50 беларусаў. Паліна расказала, як удзельнікі тура бавілі гэты час:
«Я даехала да Гомеля і ўжо ў цэлым стамілася, думала — капец. Сто гадоў не ездзіла на аўтобусе так далёка. Але потым ці звыкаешся, ці зміраешся з тым, што дарога далёкая, і ўжо было нармальна.
Калі б яшчэ вай-фай быў на шляху, было б увогуле цудоўна, але ён дазваляў толькі загрузіць паведамленні ў тэлеграме. Спрабавала спаць, глядзела ў акно… Зразумела, што дарога цяжкая. Мы двойчы за гэтыя 32 гадзіны спыняліся ў прыдарожных кафэшках, каб паесці гарачай ежы, у астатні час спыняліся на запраўках кожныя тры гадзіны».
На гэтым побытавыя непрыемнасці толькі пачыналіся, бо ў пяцігорскім гатэлі, дзе пасялілі групу, не было гарачай вады.
Фота: kholiavo / TikTok
Фота: kholiavo / TikTok
Тур быў экстрэмальны: напрыклад, давялося палазіць па пячорах у гумавых ботах. Турысты наведалі горы, у тым ліку пабывалі ля Эльбруса, бачылі шмат маляўнічых пейзажаў, а таксама былі ў Дзербенце — гэта самы старажытны горад Расіі — і на беразе Каспійскага мора. На зваротным шляху група спынялася для адпачынку ў Варонежы.
Тры дні група жыла ў горных дамках з цудоўным відам. Паліне месца дужа спадабалася, але, мяркуючы па каментарах, не ўсіх турыстаў туды засяляюць — у мінулыя заезды гэтага тура некаторых размяшчалі і ў падвальных памяшканнях.
Тур, у які паехала Паліна, каштаваў 350 даляраў на чалавека. З улікам дадатковых выдаткаў у адпачынку агулам атрымалася сума прыкладна ў 750 даляраў.
Беларуска кажа, што засталася ў захапленні ад Дагестана: «Ці варта туды ехаць? Так, і як мага хутчэй, мне падаецца. Дагестан імкліва развіваецца як турыстычны кірунак, і пакуль там адэкватныя цэны — яны яшчэ не зразумелі, што на турыстах можна зарабляць нашмат больш».
Чытайце таксама:
На полі пад Барысавам заўважылі пад сотню буслоў ВІДЭА
На Зямлі ёсць нябачная мяжа, якую жывёлы не перасякаюць. Вось чаму
Зебра, якая ўцякла ад гаспадара, пасля тыдня на волі стала зоркай інтэрнэту