Без візы і апастылю. Паступіць ва ўніверсітэт у Еўропу прасцей, чым вы думалі
Беларускія выпускнікі, якія хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Еўропе, могуць паступаць у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, дзе існуюць максімальна спрыяльныя ўмовы для абітурыентаў з Беларусі. Расказваем, што трэба, каб туды паступіць.
Вільня. Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Увесь працэс — анлайн
Асноўная зручнасць — усе дакументы можна падаць дыстанцыйна. Каб стаць студэнтам, не трэба ехаць у Літву, таму віза на этапе паступлення не патрабуецца. Пасля залічэння ўніверсітэт сам дапамагае студэнтам з атрыманнем візы, а пасля і віду на жыхарства ў Літве.
Апастыль на дакументы таксама не патрэбны — дастаткова сканаў атэстата і вынікаў ЦТ.
Прыём анкет працягнецца да 27 ліпеня, але ва ўніверсітэце заклікаюць не цягнуць — чым раней вы падасцё дакументы, тым хутчэй атрымаеце адказ.
9 спецыяльнасцяў — 7 без іспытаў
Для тых, хто толькі скончыў школу, ЕГУ прапануе 9 бакалаўрскіх праграм. З іх сем — без уступных іспытаў:
- інфарматыка
- права
- гісторыя
- бізнэс і эканоміка
- еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм
- палітыка і міжнародныя адносіны
- медыя і камунікацыя
Іспыты прадугледжаны толькі на дзвюх творчых спецыяльнасцях:
- тэатральнае мастацтва
- візуальны дызайн
Запісацца на іспыт можна праз сайт ЕГУ. Здаюцца яны анлайн.
Будынак ЕГУ ў сэрцы Старога горада Вільні. Фота: «Наша Ніва»
Не трэба з'язджаць з Беларусі
ЕГУ прапануе як вочную, так і завочную (дыстанцыйную) форму навучання. Завочнікі могуць жыць і працаваць у Беларусі, адначасова атрымліваючы еўрапейскую адукацыю. Такая форма даступная для 6 з 9 праграм.
Патрабаванні да абітурыентаў
- сярэдні бал атэстата — не ніжэй за 7
- англійская — на ўзроўні A2
Калі адпаведнага сертыфіката няма — трэба анлайн здаць зручны і даволі просты ўдасканалены моўны тэст.
Запіс на тэст ідзе праз сайт, запісвацца можна адразу пасля падачы анкеты. Колькасць спроб не абмежаваная. Больш за тое, нават не пацвердзіўшы валоданне англійскай на ўзроўні A2, абітурыент можа быць залічаным ва ўніверсітэт пры ўмове, што абавязваецца прайсці моўныя курсы пры ўніверсітэце, каб па выніках трох семестраў падняць сваю англійскую да неабходнага ўзроўню.
Таксама падчас навучання ў ЕГУ студэнты могуць дадаткова вывучаць нямецкую, польскую, французскую або літоўскую мовы.
Пасля выпуску — магчымасць застацца ў Еўропе
Пасля заканчэння навучання ВНЖ працягваецца яшчэ на год, каб выпускнік мог знайсці працу і застацца ў краіне, таму студэнтам раяць вучыць літоўскую. Універсітэт дапамагае вывучыць літоўскую, прапануе адпаведныя навучальныя курсы для студэнтаў.
Беларускі пашпарт з літоўскім ВНЖ, ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Фінансавыя пытанні
Студэнты ЕГУ могуць прэтэндаваць на атрыманне гранта, які пакрывае 100% кошту навучання ў семестры. Адметна, што прэтэндаваць на грант можна адразу пасля паступлення.
Падтрымка даступная ўжо з першага курса — рашэнне прымаецца на падставе школьных дасягненняў: алімпіяд, даследаванняў і іншых заслуг.
Акрамя грантаў, актыўныя студэнты могуць разлічваць на стыпендыю ў працэсе навучання.
Платнае навучанне для грамадзян Беларусі на большасці праграм бакалаврыята і магістратуры каштуе на 20—25% танней, чым для іншых замежных студэнтаў.
Яшчэ адна перавага навучання ў ЕГУ — дадатковы месяц адпачынку, паколькі вучэбны год пачынаецца з 1 кастрычніка, а не з 1 верасня, як у Беларусі.
Запісацца на кансультацыю і больш падрабязна вывучыць магчымасці навучання ў ЕГУ можна на сайце ўніверсітэта, а таксама звязаўшыся з прадстаўнікамі ўстановы па тэлефоне +370-644-96-317 (Viber, Telegram, WhatsApp).