БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, у якіх абласцях найбольш ІП і юрасоб, а дзе іх найбольш закрылася

10.06.2025 / 21:20

Nashaniva.com

Свежая статыстыка за май паказвае: індывідуальных прадпрымальнікаў становіцца ўсё менш, а вось колькасць юрыдычных асобаў расце. Але сітуацыя ў розных рэгіёнах розная.

Паводле свежай статыстыкі за май, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) у Беларусі працягвае зніжацца. Ліквідуецца іх амаль у два разы больш, чым рэгіструецца. За месяц было зарэгістравана 1388 ІП, а ліквідавана — 2599.

А вось з юрыдычнымі асобамі (ЮА) карціна супрацьлеглая: на 389 ліквідаваных прыпала 1021 новая структура — у сярэднім 2,6 новых на кожную выдаленую з рэгістра.

Усяго ў краіне цяпер 228 815 індывідуальных прадпрымальнікаў і 147 450 юрасобаў. 

Мінск і Мінская вобласць лідары па колькасці суб'ектаў гаспадарання

У Мінску і Мінскай вобласці было зарэгістравана 553 новых ІП — гэта амаль 40% ад усіх новых ІП па краіне.

Па колькасці дзейных ІП і ЮА сталіца і сталічны рэгіён таксама ў лідарах. У ёй дзейнічае амаль кожны другі індывідуальны прадпрымальнік (44,6%) і больш за палову (56,8%) усіх юрыдычных асобаў краіны.

Але і тут на кожнага новага ІП прыпадае больш як два ліквідаваных — суадносіны 1 да 2,2. Гэта нават горш, чым у сярэднім па краіне, дзе гэты паказчык складае 1 да 1,87.

Які з рэгіёнаў самы прадпрымальніцкі, а які адстае?

Калі параўноўваць колькасць дзейных ІП на тысячу жыхароў, то самымі прадпрымальнымі выглядаюць Мінск і Мінская вобласць — 29,5 ІП на 1000 чалавек. У той жа час Віцебская вобласць, якая і па многіх сацыяльных паказчыках адстае, і тут паказвае найгоршы вынік — 19,4 ІП на 1000 жыхароў.

Сітуацыя з юрасобамі выглядае аналагічна: Мінск і Мінская вобласць зноў на першым месцы (24,3 ЮА на 1000 чалавек), а Гомельская — з найменшай шчыльнасцю (толькі 10,3 ЮА на 1000 насельніцтва).

Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў

Як адчуваюць сябе ІП у розных абласцях?

Найгоршыя суадносіны рэгістрацыі да ліквідацыі ІП зафіксаваныя зноў у Мінску і вобласці — усяго 0,45 зарэгістраванага на 1 ліквідаванага. Гэта ніжэй, чым сярэдні паказчык па краіне.

На другім баку шкалы — Брэсцкая вобласць, дзе гэты паказчык значна лепшы: 0,69 ІП зарэгістравана на 1 ліквідаванага. Гэта ўсё яшчэ адмоўны баланс, але найменш балючы.

Сярод юрыдычных асобаў лідарам у захаванні пазітыўнай дынамікі стала Гродзенская вобласць — на кожную ліквідаваную ЮА тут было зарэгістравана амаль 4,6 новых.

А вось найменш выгадная сітуацыя з юрыдычнымі асобамі ў Гомельскай вобласці — толькі 1,53 новыя на 1 ліквідаваную.

У цэлым у краіне працягваецца наступ на індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх прымушаюць ці ліквідаваць сваю дзейнасць, ці ствараць юрыдычныя асобы. 

Чытайце таксама:

За год колькасць ІП у Беларусі паменшала на 6,3%

Мінадукацыі патлумачыла, чаму ІП з 1 верасня не змогуць працаваць у дзіцячых садках

«Было зразумела, што і сюды дабяруцца». Ці будуць беларускія бізнэсмены выдаляць свае профілі з «Баймапкі»?

Каментары да артыкула