БЕЛ Ł РУС

Галоўчанка расказаў, чаму не павышаецца стаўка рэфінансавання

12.06.2025 / 12:38

Nashaniva.com

Стаўка рэфінансавання ў Беларусі ўжо два гады застаецца на ўзроўні 9,5%. Старшыня Нацбанка Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю sb.by распавёў, чаму беларускі рэгулятар не змяняе стаўку рэфінансавання.

Фота: БелТА

Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, стаўка рэфінансавання — адзін з інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі. Рашэнне ж аб яе ўзроўні прымаецца зыходзячы з бягучай эканамічнай сітуацыі і перш за ўсё ўзроўню інфляцыі.

У пачатку чэрвеня Банк Расіі ўпершыню з кастрычніка 2023 года знізіў ключавую стаўку на 100 базісных пунктаў — да 20% гадавых. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, гэтае рашэнне тлумачыцца высокімі тэмпамі росту спажывецкіх цэн у Расіі — каля 10%, што ў два з паловай разы вышэй за мэту расійскага Цэнтрабанка ў 4%.

У Беларусі ж сітуацыя іншая: ніжэй узровень інфляцыі і бліжэй да свайго мэтавага значэння ў 5%.

Паводле ацэнак Рамана Галоўчанкі, тэмп росту спажывецкіх цэн у краіне вышэйшы, але гэта не крытычна: «Ва ўмовах запаволення эканамічнага росту і паскарэння інфляцыйных працэсаў у нашых асноўных гандлёвых партнёраў гэта дапушчальна. Па сутнасці, гэта кампраміс на карысць дзелавой актыўнасці і эканамічнага развіцця нашай краіны. Інфляцыя застаецца пад кантролем. Стаўка рэфінансавання роўная 9,5%, што вышэй за інфляцыю і гарантуе станоўчую рэальную вартасць грошай».

У студзені 2025 года пісалася, што ў Беларусі не выключаюць зніжэння стаўкі рэфінансавання. Гэта адбудзецца пры адсутнасці рызыкаў для цэнавай і фінансавай стабільнасці.

Прагназавалася, што стаўка ў сярэднім за 2025 год можа скласціся на ўзроўні 9—9,3% гадавых.

Зараз стаўка рэфінансавання ў Беларусі знаходзіцца на ўзроўні 9,5% з чэрвеня 2023 года. Да гэтага яе зніжалі шэсць разоў запар. Тады ў Нацбанку патлумачылі сваё рашэнне запаволеннем інфляцыі ў краіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула