БЕЛ Ł РУС

Беларус будуе незвычайныя дамкі на колах — новы фармат лецішча

16.06.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Прадпрымальнік Валер Астрынскі расказаў пра новы праект — мабільныя хаткі ў стылі англійскіх пастухоў, якія можна паставіць у лесе ці на беразе ракі. Вось як гэта выглядае.

Фота тут і далей: архіў суразмоўцы

Усё пачалося з падарожжа ў Англію, куды Валер выправіўся з жонкай гадоў дзесяць таму. У Брытаніі беларусы пабачылі так званыя shepherd huts — мабільныя хаткі на колах, якія гістарычна выкарыстоўвалі тамтэйшыя пастухі, каб было дзе начаваць падчас выпасвання авечак далёка ад дома.

Пазней, калі англічане палюбілі адпачынак на прыродзе, гэтыя хаткі сталі выкарыстоўваць для начлегу першых турыстаў. Давялося рабіць іх больш камфортнымі, і на сёння ў такіх дамках часта ёсць камунікацыі, душ і гарачая вада.

Валер Астрынскі

Цяпер, у эміграцыі, Валер Астрынскі ўспомніў гэтую канцэпцыю, тым больш ён жыў у вёсцы раней і яму падабаецца жыць на прыродзе. Так нарадзіўся новы праект:

«Да канца няясна, дзе тут давядзецца пускаць карані. Але можна збудаваць мабільную хатку, арандаваць зямлю ў прыгожым месцы і там паставіць гэтую хатку. Атрымаецца лецішча, куды можна будзе ездзіць, хадзіць басанож па траве ў прыгожым месцы.

Падумаў, што пакуль зраблю сам такую хатку, зраблю так, як мне падабаецца. Знайшоў у Гданьску хлопцаў, якія займаюцца лазнямі, яны яшчэ робяць дах з драніцы, і я таксама з гэтым сутыкаўся ў вёсцы. Вырашыў збудаваць мікс: англійскі канцэпт на аўтэнтычных колах, але з дахам з драніцы».

Валер тлумачыць, у чым перавага драніцы — дах з яе награваецца менш, чым дах з іншых матэрыялаў. Акрамя таго, драніца робіцца з асіны, а гэтая драўніна мае ўласцівасці антысептыка, то-бок насякомыя ядуць яе менш, чым драўніну іншых відаў. А яшчэ гэты матэрыял дазваляе рабіць дахі розных формаў, нават вельмі незвычайных, у стылі хобітаў.

Новую хатку будавалі без прадуманага праекта. Былі малюнкі англійскіх мабільных хатак, досвед новых знаёмых, якія будавалі лазні, і жаданне зрабіць хатку маленькай плошчы, але пры гэтым цікавую і ўтульную. 

Пакуль будавалі хатку, Валерый атрымаў прапанову рабіць такія дамкі на продаж:

«Паглядзелі рынак. У асноўным гэтыя хаткі робяць у нарвежскім стылі, прамавугольныя. Канцэпцыя такая, што можна гэтую хатку паставіць, напрыклад, у лесе ці на беразе ракі, гэта не патрабуе сур’ёзных узгадненняў. У нас атрымаўся цікавы варыянт, мікс англійскай хаткі і хаткі хобітаў, ну і драніцы мы дадалі.

У Англіі такія дамкі прадаюцца за 40—50 тысяч еўра, у Польшчы хаткі ў нарвежскім стылі прадаюць прыкладна за 30 тысяч еўра. Мы таксама будзем выстаўляць іх па цане 120 тысяч злотых плюс ПДВ — гэта таксама на ўзроўні 30 тысяч еўра».

У хатках ёсць усё патрэбнае — кухня з плітой і халадзільнікам, двухузроўневы ложак, канапа, прыбіральня. Паводле канцэпцыі, хатку будуць прадаваць нават з карнізамі і фіранкамі, каб гаспадарам засталося дакупіць толькі посуд.

На думку Валера, праект перш за ўсё прывабіць тых, хто займаецца агратурызмам, а не прыватных кліентаў:

«Гэтая ідэя больш упісваецца ў бізнэс, калі людзі ставяць невялікія хаткі і зарабляюць на турыстах. Не ведаю, наколькі людзі гатовыя гэта набываць для сябе, але шмат каго зацікавіць магчымасць пажыць пару дзён у такой хатцы ў прыгожым месцы.

Пакуль мы зрабілі толькі першы варыянт. Тое, што ён падабаецца нам, яшчэ не значыць, што ён спадабаецца людзям і яны будуць гатовыя за яго плаціць. Не атрымаецца бізнэс — будзе ў мяне пару сваіх хатак, буду сам ладзіць у іх адпачынак ці агратурызм».

Першы дамок Валер з партнёрамі не плануюць прадаваць: яго паставяць у прыгожым месцы, каб ахвотныя маглі пабачыць ці пераначаваць. Але хутка яны пачнуць будаваць другую хатку, і тады, пасля распрацоўкі праекта, надыдзе час перадзамоў.

Чытайце таксама:

«Утопія, заснаваная на эмпатыі». На амерыканскім фестывалі Burning Man будзе беларускі лагер

Бізнэсовец з топ-200 расказаў, за што сядзеў і чаму не пагадзіўся на памілаванне

Змяніў пентхаус на хутар. Як вядомы бізнэс-анёл, што быў у топ-200 самых уплывовых людзей у краіне, адбывае «хімію»

Бізнэсмена з топ-200 самых уплывовых у краіне асудзілі на 2,5 года хатняй хіміі і забаранілі 5 гадоў займацца прадпрымальніцтвам

За бел-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй» на хутары IT-інвестару Астрынскаму далі 20 базавых

Каментары да артыкула