БЕЛ Ł РУС

У 2024 годзе Польшча выдала беларусам на 41% менш першых ДНЖ і доўгатэрміновых віз 

13.06.2025 / 12:7

Nashaniva.com

У 2024 годзе Польшча выдала грамадзянам Беларусі 151,1 тыс. першых дазволаў на знаходжанне (сюды ўваходзяць дазволы на жыццё і доўгатэрміновыя візы), вынікае са статыстыкі Еўрастата. Гэта на 41% менш, чым у 2023 годзе, і на 47% менш, чым у 2022-м, піша Most.

У статыстыку Еўрастата ўваходзяць упершыню выдадзеныя дазволы на знаходжанне. Акрамя ДНЖ, у ёй улічваюцца нацыянальныя доўгатэрміновыя візы (тыпу D), якія выдаюцца на тэрмін звыш 90 дзён. Упершыню выдадзенымі лічацца дазвольныя дакументы, калі паміж заканчэннем папярэдняга і выдачай новага прайшло больш за паўгода.

Інфаграфіка Most

Усяго за 2024 год Польшча выдала першыя дазволы на знаходжанне 488,8 тыс. замежнікам. Гэта мінімальны паказчык за апошнія 10 гадоў, і ён амаль на чвэрць меншы, чым у 2023 годзе. У 2024 годзе 80,3 тыс.дазволаў (або 53,1% ад усіх выдадзеных) беларусы атрымалі на падставе працы, 4,1 тыс. (2,7%) — для вучобы, 2,1 тыс. (1,4%) — па сямейных абставінах, 64,5 тыс. (42,7%) — па іншых прычынах. Сюды могуць уваходзіць у тым ліку візы, атрыманыя па картах паляка.

Інфаграфіка Most

У асноўным падзенне абумоўлена скарачэннем выдачы ДНЖ і віз менавіта беларусам. Усяго за год Польшча выдала на 153,9 тыс. дазволаў менш, чым у 2023 годзе, у тым ліку беларусы атрымалі на 104,5 тыс. дазволаў менш. Аднак такое падзенне адзначаецца на фоне высокай базы папярэдніх гадоў.

Для параўнання: украінцы атрымалі на 6% менш дазволаў на знаходжанне, чым у 2023 годзе, — 226,2 тыс.

У цэлым колькасць дазволаў, выдадзеных Польшчай замежнікам, скарачаецца з 2021 года — тады дазволы на знаходжанне атрымалі 967,3 тыс.чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула