БЕЛ Ł РУС

Джон Кенэдзі і Роберт Кенэдзі згуляюць на клубным чэмпіянаце свету па футболе ў ЗША. Прычым у адной камандзе

14.06.2025 / 7:33

Nashaniva.com

Мексіканская «Пачука» назвала склад на клубны чэмпіянат свету па футболе, які стартуе ў ноч на гэту нядзелю, і там некалькі цікавых імёнаў, піша Sports.ru.

Мексіканская «Пачука» крэатыўна падышла да пачатку турніра 

Напрыклад, паўабаронца Санцьяга Хаменчанка — уругваец з украінска-італьянскімі каранямі, які ў 2023 годзе выйграў чэмпіянат свету сярод моладзі.

А яшчэ два амаль аднолькавыя па прозвішчы бразільцы з розніцай у адну літару ў англійскай мове: Джон Кенэдзі і Роберт Кенэдзі (John Kennedy, Robert Kenedy).

Роберта Кенэдзі назвалі ў гонар амерыканскага пракурора, брата прэзідэнта Джона Кенэдзі. 

Гэта той самы Кенэдзі, якога ў 2015 годзе «Чэлсі» купіў за 8 млн еўра ў «Флуміненсе». Бразільскі вінгер так і не «стрэліў» — ездзіў па арэндах ва «Уотфард», «Ньюкасл», «Хетафэ», «Гранаду», «Фламенга», а ў 2022 годзе ўжо за 500 тысяч еўра перайшоў у «Вальядалід».

Цяпер Кенэдзі 29 гадоў — і якраз перад клубным ЧС «Пачука» арандавала яго з правам выкупу.

Роберт у складзе «Чэлсі». Фота: Wikimedia Commons

У бразільца ёсць досвед перамогі на КЧС — у пачатку 2022 года ён ненадоўга вяртаўся ў «Чэлсі» і паспеў зачапіць гэты трафей. Цяпер ён згуляе супраць «Рэала», «Аль-Хіляля» і «Рэд Бул Зальцбурга».

Але вернемся да імя. Поўнае імя футбаліста — Роберт Кенэдзі Нунес ду Насіменту — і бацькі назвалі яго менавіта ў гонар вядомага сенатара і генеральнага пракурора ЗША Роберта Кенэдзі, малодшага брата 35-га прэзідэнта Джона Кенэдзі. 

«Лёс зноў зводзіць іх разам, каб перапісаць гісторыю ў Злучаных Штатах», — так «Пачука» прадставіла навічка ў відэаанонсе.

️ | El destino los vuelve a unir para reescribir la historia en Estados Unidos

¡Bienvenido al Club de Futbol Pachuca! #PachucaSomosTodos pic.twitter.com/S7cJjjYAaq

— Club Pachuca (@Tuzos) May 21, 2025

Футбаліста Джона Кенэдзі назвалі ў гонар прэзідэнта Джона Кенэдзі. Пляменнік прэзідэнта запісаў яму відэазварот перад фіналам.

Джон Кенэдзі на папярэднім плане святкуе гол у складзе «Пачукі». Фота: Oscar Fuentes/Jam Media/Getty Images

Джон Кенэдзі Батіста дэ Соўза — таксама выхаванец «Флуміненсе». Больш за тое, форвард да гэтага часу належыць клубу з Рыа, а «Пачука» арандуе яго з студзеня.

Джон маладзейшы за Роберта на шэсць гадоў, але яны не сваякі.

У бразільскай Серыі А Кенэдзі дэбютаваў у студзені 2021 года. Джона Кенэдзі назваў так бацька — ён марыў, каб яго сын быў такім жа вядомым, як прэзідэнт ЗША. І прынамсі аднойчы гулец атрымаў прызнанне, пасля якога да яго і з’явіўся інтарэс з Еўропы. У лістападзе 2023 года Кенэдзі прынёс «Флуміненсе» першы ў гісторыі Кубак Лібертадорэс.

Дарэчы, перад фіналам Джону запісаў відэазварот з пажаданнямі поспеху унучаты пляменнік таго самага прэзідэнта.

The great nephew of John Kennedy (USA president) wished good luck to
Fluminense footballer, John Kennedy in the Copa Libertadores final pic.twitter.com/ojzm6bSW6t

— Brasil Football (@BrasilEdition) November 3, 2023

Менавіта гэтая перамога дазволіла «Флуміненсе» таксама ўдзельнічаць у КЧС-2025.

Але Кенэдзі паехаў на турнір ужо ў складзе іншай каманды. Найхутчэй, з-за праблем з дысцыплінай. Падчас таго розыгрышу Лібертадорэс трэнер Фернанда Дыніз знайшоў да яго падыход, але ў цэлым характар у хлопца праблемны. Яго рэгулярна адхілялі ад трэніровак з асноўным складам за спазненні, пропускі і скандальныя вечарынкі, а аднойчы паліцыя канфіскавала яго аўтамабіль — у ім знайшлі марыхуану.

У фінале Лібертадорэс дурное выдаленне забылася праз пераможны гол. Аднак у фінале Рэкопы (аналаг Суперкубка УЕФА) Джон зноў атрымаў чырвоную пры ліку 1:1 па суме дзвюх сустрэч — пашанцавала, што бразільцы ў выніку ўзялі трафей і без яго. Так у 23 гады Кенэдзі апынуўся ў Мексіцы, дзе ўжо набраў 9+2 у 20 матчах чэмпіянату. Цяпер з’явіўся шанец праявіць сябе ў Штатах.

***

Клубны чэмпіянат свету па футболе — спаборніцтва, у якім бяруць удзел пераможцы еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў, паўднёваамерыканскага Кубка Лібертадорэс, аналагаў у Паўночнай Амерыцы, Афрыцы і Азіі, а таксама некаторыя клубы з найлепшым рэйтынгам.

Упершыню ў турніры, што пройдзе ў ЗША з 14 чэрвеня па 13 ліпеня возьмуць удзел 32 каманды і пераможцы такіх турніраў з 2021 года. 32 клубы будуць разбітыя на восем групаў.

Ад Еўропы бяруць удзел «Манчэстэр Сіці», «Чэлсі», «Рэал», «Атлетыка», ПСЖ, «Баварыя», «Барусія», «Ювентус», «Мілан», «Порту», «Бенфіка», «Рэд Бул Зальцбург».

Турнір пачнецца ў ноч на заўтра матчам «Інтэр Маямі» — «Аль Ахлі». «Пачука» першы матч правядзе ў ноч на 19 чэрвеня супраць «Рэд Бул Зальцбург»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула