У Беларусі за выкарыстанне дронаў прапануюць саджаць у турму
Пра намер уладаў увесці крымінальную адказнасць за незаконныя дзеянні з беспілотнікамі паведаміў намеснік старшыні камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ліс. Паводле яго слоў, адпаведны законапраект быў падрыхтаваны Саветам міністраў яшчэ ў красавіку і цяпер знаходзіцца на разглядзе, паведамляе расійскае выданне Sputnik.
Фота ілюстрацыйнае
Дакумент распрацаваны на падставе ўказа Лукашэнкі аб дзяржаўным уліку і выкарыстанні цывільных беспілотнікаў. Ён вызначае асаблівы парадак іх увозу, захоўвання і выкарыстання, а таксама рэгулюе абарот авіямадэляў.
«Цяпер нават такія, здавалася б, мірныя і бяспечныя рэчы, як дроны, шырока выкарыстоўваюцца ў зонах баявых дзеянняў, могуць прымяняцца для тэрарыстычных актаў і кантрабанды», — заявіў Ліс.
Ён падкрэсліў, што свабодны абарот і некантраляваны ўвоз такіх прылад уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Таму законапраект прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за незаконны ўвоз, захоўванне, выраб і эксплуатацыю дронаў.
Аднак калі падобныя парушэнні будуць здзейснены паўторна цягам года — настане ўжо крымінальная адказнасць. Максімальнае пакаранне — да двух гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
Каля мяжы з Польшчай затрымалі беларуса з двума дронамі
Лукашэнка запатрабаваў ад вайскоўцаў вынайсці цуд-машыну для барацьбы з дронамі
У маі колькасць расійскіх беспілотнікаў у беларускім небе зноў вырасла