Падчас саміту G7 Трампа не ўдалося пераканаць пастрожыць санкцыі супраць Расіі
Агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы піша, што Трамп падчас вячэры з іншымі лідарамі G7 на саміце ў Канадзе паўтарыў сваю пазіцыю: санкцыі, на яго думку, абыходзяцца ЗША вельмі дорага. Гэты аргумент ён выказваў і раней, а тут зноў падкрэсліў.
Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Mark Schiefelbein
Еўрапейскія краіны ўсё больш сумняваюцца, ці можна давяраць Трампу ў пытанні далейшага ціску на Расію, і спрабуюць выйграць час, адзначае Bloomberg. Там дадаюць, што еўрапейцы працягваюць супрацоўнічаць з прэзідэнтам ЗША і не хочуць яго раздражняць, але ў той жа час шукаюць спосабы дапамагчы Украіне ў сітуацыі, калі ЗША ўсё менш жадаюць аказваць ёй дапамогу.
Нягледзячы на пазіцыю Трампа, чакаецца, што ў выніковай заяве прэм’ер-міністра Канады Марка Карні, які старшынюе на гэтым саміце, будзе адзначана: G7 падтрымлівае мірныя ініцыятывы пад кіраўніцтвам ЗША. Украіна, маўляў, гатовая да спынення агню, а Расія — не. Таму, як лічаць у G7, ціск на Маскву санкцыямі неабходна працягваць.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама прыбыў на саміт і правёў сустрэчу з Маркам Карні. Падчас яе канадскі прэм’ер абвясціў, што Канада выдзеліць Украіне яшчэ 2 мільярды канадскіх даляраў (каля 1,48 амерыканскіх) у якасці вайсковай дапамогі і 2,3 мільярда (каля 1,7 даляраў ЗША) — у выглядзе крэдытаў.
Таксама Канада ўвяла новыя санкцыі супраць больш чым 40 юрыдычных асобаў у Расіі і за яе межамі, а таксама супраць 200 суднаў з так званага «ценявога флоту».
Чытайце таксама:
Трамп заклікаў жыхароў Тэгерана неадкладна эвакуявацца
Трамп заявіў, што Пуцін не пачаў бы вайну, каб Расію не выключылі з «Вялікай васьмёркі»