БЕЛ Ł РУС

Анколаг Каранік выступіў з дакладам аб захаванні буйной рагатай жывёлы

18.06.2025 / 9:12

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня правёў нараду па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне. На ім выступіў былы міністр аховы здароўя, анколаг-хірург Уладзімір Каранік. Ён прааналізаваў праблемы падзяжу цялят, разабраў генетычны патэнцыял парод кароў (галштынская парода — лепш, але патрабуе строгіх тэхналогій), а таксама прапанаваў задзейнічаць ПЦР-лабараторыі, якія выкарыстоўваліся падчас пандэміі COVID-19, для патрэб дыягностыкі ў скаціны.

На нарадзе з нечаканым дакладам выступіў былы анколаг-хірург, а цяпер старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік.

Ён расказаў «аб комплексным падыходзе да павышэння захаванасці буйной рагатай жывёлы і забеспячэнню росту яе прадуктыўнасці».

Паводле Караніка, за пяць месяцаў 2025 года падзеж быдла вырас на 1,7%. Сітуацыя, як адзначыў Каранік, «не радуе». 

У якасці вырашэння праблемы ён прапанаваў, як у бальніцы, — «начныя дзяжурствы з даплатамі», каб пры родах цялят «хтосьці прысутнічаў». 

Кіраўнік НАН падкрэсліў, што вакцыны «часцяком ужываюцца неадэкватна», у выніку — вакцыны «не працуюць».

«Кожная гаспадарка павінна мець уласны план вакцынацыі, але часта гэтага няма», — заявіў Каранік. Ён прапанаваў цэнтралізаваць закупкі ветвакцын. 

Асобная ўвага была нададзена прафілактыцы і лячэнню інфекцыйных паталогій жывёл.

Каранік прапанаваў прыцягнуць ПЦР-лабараторыі са сферы аховы здароўя людзей для дыягностыкі хвароб у скаціны. «Мы павінны зараз стварыць сістэму ПЦР-дыягностыкі, якая дае вынік не за месяц, а за дзень-два», — назваў прыярытэты Каранік. 

Ён так гэта патлумачыў: «На жаль, лабараторная дыягностыка інфекцыйных захворванняў на сённяшні момант не ў поўнай меры забяспечвае ветэрынарную службу неабходнай інфармацыяй. Частка методык альбо састарэла, альбо валодае недастатковай дакладнасцю», — растлумачыў ён. Напрыклад, у тым выпадку, «калі проба на такое захворванне, як бруцэлёз, дае станоўчы вынік, то на вызначэнне дакладнага дыягназу ідзе каля месяца, і на працягу гэтага перыяду захоўваецца нявызначанасць з нагоды дзеянняў на дадзенай ферме і з атрыманым малаком (яго трэба пастэрызаваць)», тлумачыць кіраўнік НАН. 

Таму, заявіў ён, неабходна задзейнічаць ПЦР-лабараторыі са сферы аховы здароўя ў інтарэсах ветэрынарыі.

«Цяпер мы павінны ствараць сістэму ПЦР-дыягностыкі, якая дазваляе атрымліваць адказ не на працягу месяца, а аднаго — максімум двух дзён», — растлумачыў кіраўнік НАН.

Асобна абмяркоўвалася пытанне эфектыўнасці вырошчвання некаторых парод буйной рагатай жывёлы.

Адмысловец па анкахірургіі прааналізаваў генетычны патэнцыял парод кароў. Галштынская парода — высокапрадуктыўная, але патрабуе строгіх тэхналогій. «Для слабых гаспадарак» — лепш дацкая чырвоная, «каровы гэтай пароды хоць крыху менш прадуктыўныя, але больш устойлівыя і цягавітыя», патлумачыў ён прысутным. 

Аляксандр Лукашэнка заклікаў хутчэй пераходзіць да спраў, перастаць «проста слухаць навукоўцаў», а пачаць дзейнічаць: «Не проста слухаць лекцыі вучоных… Калі Каранік кажа падключыць сістэму аховы здароўя да ветэрынарыі — давайце падключаць!» 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула