БЕЛ Ł РУС

Сейм Літвы падтрымаў прапанову аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі

19.06.2025 / 16:24

Nashaniva.com

Сейм Літвы падтрымаў прапанову, якая дазваляе краіне ўводзіць нацыянальныя эканамічныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі. За ініцыятыву прагаласавалі 102 дэпутаты, адзін устрымаўся, паведамляе LRT.

Папраўкі да закона аб санкцыях прадугледжваюць, што ўрад зможа складаць спіс асоб і кампаній, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, у тым ліку замарожванне маёмасці і сектаральныя абмежаванні. Санкцыі будуць дзейнічаць супраць тых, хто падтрымлівае вайну, парушае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны або ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць апазіцыі.

Сектаральныя санкцыі закранаюць забарону на імпарт і экспарт тэхналогій, праграмнага забеспячэння і паслуг, якія могуць быць выкарыстаныя для вайсковых патрэб. Але будуць выключэнні для медыцынскіх, фармацэўтычных і гуманітарных патрэб.

Міністэрства замежных спраў прапануе дадатковыя меры, калі будзе выяўлена, што нейкі сектар эканомікі Расіі ці Беларусі спрыяе вайне або пагражае бяспецы Літвы.

Законапраект разглядаецца ў тэрміновым парадку, канчатковае галасаванне па ім запланавана на наступны тыдзень.

Раней, у красавіку, літоўскі Сейм ужо падаўжаў санкцыі супраць грамадзян Расіі і Беларусі, уключаючы абмежаванні на візы, дазволы на пражыванне і рух праз знешнюю мяжу ЕС. Першы закон аб нацыянальных санкцыях быў прыняты ў 2023 годзе.

Акрамя таго, перад гэтым пасяджэннем Камітэт замежных спраў Сейма не падтрымаў ідэю фракцыі кансерватараў забараніць грамадзянам Расіі купляць нерухомасць каля стратэгічных аб’ектаў і вайсковых палігонаў. Гэтую прапанову таксама не падтрымалі падчас галасавання ў зале пасяджэнняў. Аднак кансерватары на гэтым спыняцца на збіраюцца — больш маго, яны маюць намер звярнуцца да ўрада, каб разгледзець магчымасць такіх абмежаванняў не толькі для расіян, але і для беларусаў.

Чытайце таксама:

Пытанне аб літоўскіх нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі разгледзяць на наступным тыдні

Вольга Лойка: Санкцыі на беларускія калійныя ўгнаенні могуць быць помстай з боку Расіі

Кавалеўскі прапануе здымаць санкцыі дзеля вызвалення палітвязняў

Каментары да артыкула