З'явіліся першыя спадарожнікавыя здымкі ядзернага аб’екта ў Фардо пасля атакі ЗША
Аналітыкі разгледзелі прынамсі шэсць варонак ад боепрыпасаў. Цэлілі ў цэнтрыфугі для ўзбагачэння ўрану.
Варонкі ад удараў ВПС ЗША па ядзерным аб'екце ў іранскім Фардо. Фота: Maxar
Пра гэта паведамляе выданне The Insider са спасылкай на OSINT-аналітыка Дэміена Саймана.
На актуальных спадарожнікавых здымках з сайта Maxar, якія ён апублікаваў, бачна як прынамсі шэсць уваходных адтулін або варонак ад боепрыпасаў на паверхні над падземным ядзерным аб'ектам у іранскім Фардо. Гэтыя адтуліны, што ўтварыліся пасля авіяўдараў ЗША, размешчаны на вяршыні горнага хрыбта проста над падземным комплексам.
Трохмерная мадэль ядзернага аб'екта ў іранскім Фардо. Фота: Maxar
Open Source Centre апублікаваў трохмерную мадэль аб’екта, створаную экспертамі арганізацыі паводле тапаграфічнага плана. На выяве бачна, у якія часткі аб’екта ў Фардо былі нацэлены ўдары. На думку аналітыкаў, цэллю ўдараў, верагодна, была каскадная зала, у якой знаходзяцца цэнтрыфугі для ўзбагачэння ўрану.
Аналітыкі The Intel Lab і Orion Intel стварылі візуалізацыю ядзернага аб’екта ў Фардо.
У ноч на 22 чэрвеня ВПС ЗША нанеслі ўдары па трох ключавых ядзерных аб’ектах Ірана — у Фардо, Натанзе і Ісфахане. Гэтыя аб’екты раней ужо бамбілі ВПС Ізраіля, аднак не было прадстаўлена доказаў таго, што аб’екту ў Фардо, які знаходзіцца глыбока пад зямлёй, была нанесена нейкая шкода.