БЕЛ Ł РУС

«Беларусь здаровага чалавека» не падыходзіць». Чаму і куды айцішнікі з'язджаюць з Польшчы

23.06.2025 / 11:9

Nashaniva.com

Devby.io прыводзіць тры аповеды беларусаў-рэлакантаў, якія змянілі (ці плануюць змяніць) Польшчу на іншыя краіны.

Узаемнае захапленне беларускіх айцішнікаў і бліжэйшых для іх краін рэлакацыі, здаецца, засталося ў мінулым. Спачатку Літва моцна панізіла сваю прывабнасць для мігрантаў з РБ, пачаўшы ануляваць ВНЖ з-за «пагрозы бяспецы», потым антымігранцкую эстафету падхапіла Польшча (адмена PBH, антымігранцкая рыторыка, бясконцае чаканне ДНЖ у шэрагу ваяводстваў, прапановы падоўжыць шлях да грамадзянства і г. д.).

І хаця многія беларусы па-ранейшаму лічаць Польшчу вельмі камфортным месцам для жыцця (а дзе зараз лёгка?), ёсць і такія, што вырашылі з’ехаць. Спыталі ў іх, чым яны кіраваліся і куды далей.

Польшча — Тайланд. «Вельмі цяжка пераносіцца варшаўская зіма»

Я працавала ў беларускай ІТ-кампаніі на пазіцыі мідл-распрацоўшчыка. Пасля падзей [2022] года кампанія вырашыла пашырацца: адкрыла некалькі офісаў у ЕС і пачала перавозіць туды ключавых супрацоўнікаў, пры гэтым беларускі офіс працягваў працаваць.

Потым з’явіліся цяжкасці з атрыманнем грошай ад амерыканскага заказчыка. З-за гэтага мой наймальнік пачаў актыўна прапаноўваць рэлакацыю ўжо ўсім жадаючым. Я таксама вырашыла паспрабаваць.

Пераязджала адна, па праграме PBH, для жыцця выбрала Варшаву. Адтуль я працягвала працаваць як B2B на сваю «старую» беларускую кампанію. Адначасова паступіла ў паліцэальную школу, каб хутчэй вывучыць польскую мову. Праз два гады я планую з’ехаць.

Вось прычыны:

1) Матэрыяльная. Пры тым, што ў Польшчы я дарасла да сеньёра і мая зп брута вырасла, нета-даход (з улікам арэнды, выдаткаў на бухгалтара і г. п.) дагэтуль не наблізіўся да таго, што я мела ў Мінску (там у мяне была свая кватэра). Так і ў цэлым жыць у Польшчы і працягваць працаваць на беларускую кампанію для мяне адчуваецца як «пераплата». Усе гэтыя матэрыяльныя даброты я і так мела ў Беларусі.

Спрабавала знайсці працу ў кампаніях ЕС, але нічога не выйшла, праўда шукала не вельмі актыўна.

2) Стаўленне палякаў да прыезджых. На жаль, шмат разоў сутыкалася з негатывам ад палякаў проста ў сувязі з тым, што мой пашпарт сіняга колеру (асабліва ва ўжондах).

Апошнім часам адчуваецца, як Польшча «наелася» прыезджымі і пачынае з кожным годам ускладняць наша жыццё (адмена PBH візы, падвышэнне ўзносаў ZUS кожны квартал, павелічэнне тэрмінаў чакання дакументаў, незалік паліцыяльнай школы як пацвярджэння ведання польскай мовы і г. д.).

Шмат чаго змянілася ў законах за час майго жыцця ў Польшчы, і нішто мяне як мігранта не пацешыла.

3) Кліматычныя ўмовы. Вельмі цяжка пераносіцца варшаўская зіма. Цямнее ў 15 гадзін. Пастаянны дождж, адсутнасць снегу і агульная шэрасць на вуліцы. Блакітнае неба зімой бачыла пару разоў на месяц.

4) Кошт жыцця. Не адчула, што жыву ў ЕС, таму здаецца, быццам пераплачваю за ўсё ў 2-3 разы. Адчуваецца як больш дарагая і «бяздушная» Беларусь. Паслугі на горшым узроўні, чым у РБ. Медыцына недаступная, хоць і плачу ў ZUS 250-300$ у месяц. Кошты на ўсё вышэйшыя. Так, можна купіць па адэкватным кошце нейкія тавары, якія ў РБ цяжка дастаць. Але плаціць 1000$ за арэнду кватэры, каб раз у 2-3 месяцы купіць сумку ці абутак за 100$ замест 300$ здаецца вельмі нелагічным рашэннем.

У розныя перыяды дамінавала то адна з гэтых прычын, то другая.

А апошняй кропляй стала моцнае нежаданне вяртацца ў Польшчу з паездкі ў Тайланд.

Так, за гэтыя два гады ў Польшчы я некалькі разоў ездзіла да сяброўкі Тайланд на 1-2 месяцы, працавала адтуль аддалена. Пасля атрымання тайскай DTV візы (на 5 гадоў) вырашыла паспрабаваць пераехаць: вельмі мне зайшло жыццё там.

З’язджаю ў жніўні. Зачыняць польскае ІП пакуль не буду. Паспрабую працягваць весці дзейнасць у Польшчы з Тая, пакуль дзейнічае ДНЖ, каб у выпадку чаго мець магчымасць вярнуцца і прыдумаць альтэрнатыўны план для «руху далей».

Польшча — Кіпр. «Засмучала тое, што гэта вельмі падобна да Беларусі»

Я жыў у Польшчы больш за два гады, зараз ужо амаль два гады жыву на Кіпры. Калі ў 2021 з’язджаў з РБ, то свядома выбраў краіну бліжэй, бо думаў, што хутка вярнуся.

У Польшчы ўсё было добра. Краіна вельмі прыемная, мне шмат што падабалася.

Але былі некалькі «але»:

1) Так як я чыстакроўны беларус, без карты паляка я павінен чакаць грамадзянства больш за 8 гадоў. Калі дадаць час на разгляд усіх дакументаў, атрымаецца каля 10 гадоў.

2) У мяне была цяжкая дэпрэсія пасля эміграцыі. Яна перашкаджала жыць і працаваць. Сітуацыю пагаршала тое, што Польшча вельмі падобная на Беларусь.

Гуляеш па старых раёнах Варшавы, якія будаваліся пры камуністах, і бачыш, як яны падобныя на мінскія хрушчоўкі і брэжнеўкі. Клімат аналагічны. Твары ў людзей на вуліцах такія ж, як у РБ.

Што я маю на ўвазе? Вось у Даніі па вуліцах таксама ходзяць «белыя еўрапейцы», але па тварах відаць, што яны — «іншыя», а ў Польшчы не так. Гэта значыць у нармальных умовах гэта, вядома ж, не дрэнна, але ў тым маім дэпрэсіўным стане нават мінакі-палякі нагадвалі пра Беларусь, і ад гэтага рабілася толькі горш.

Другая прычына, хутчэй за ўсё, была асноўнай для пераезду. Я выбраў Кіпр.

Чаму Кіпр:

1) Там выйшаў закон, які паскарае атрыманне грамадзянства для ІТ-спецыялістаў.

2) Там шмат сонца — выдатнае месца для ментальнага спакою.

3) У мяне былі знаёмыя на Кіпры, якія дапамагалі з пераездам.

4) Так як я не толькі праграміст, але і кофаўндар, па грашах мне было ўсё роўна — Кіпр ці Польшча. Альбо танная Польшча з высокімі падаткамі, альбо дарагі Кіпр з нізкімі падаткамі на дывідэнды.

На дадзены момант я задаволены жыццём на Кіпры. Лічу яго добрым месцам для бягучага этапу жыцця. Дэпрэсія прайшла на працягу года пасля пераезду. Праз год планую пачаць вучыць грэцкую мову, каб здаць на A2 і падацца на пашпарт праз тры гады.

Аднак Кіпр я рэкамендую ў якасці новай лакацыі толькі ў тым выпадку, калі вы фаўндар ці кофаўндар кампаніі. Калі вы распрацоўшчык і ваша жонка без працы, то, хутчэй за ўсё, вам будзе складана пацягнуць жыццё на востраве.

Польшча — Нідэрланды. «Краіна ўсё яшчэ хутчэй «Усходняя Еўропа» па вайбу»

Чытач не расказаў, колькі пражыў у Польшчы і ў якім горадзе, але канстатаваў, што з’ехаў у Нідэрланды. І вось па якіх прычынах:

1) У Польшчы нецікавы мясцовы рынак (грошы і задачы), беларускія галеры нават разглядаць не варта.

2) [Прымальны] варыянт адзін — працаваць па B2B на заходнія краіны. Аднак пры гэтым падаткі і адлічэнні па ІП будуць такія ж, як у развітой Еўропе. Імхо, калі выбіраеш быць кантракцерам, то трэба рухацца кудысьці ў Азію.

Ёсць і яшчэ некалькі мінусаў у выглядзе:

— ксенафобіі многіх палякаў (але некаторым нашым гэта, наадварот, заходзіць),

— відавочна будучых узмацненняў жорсткасці ў частцы атрымання грамадзянства і нават ПМЖ (занадта шмат прыехала іншаземцаў, будуць адсейваць),

— так сабе клімату, дрэннай экалогіі,

— праблем з медыцынай (а дзе іх няма?),

— неапраўдана дарагога жылля (пры гэтым працэнтная стаўка па крэдытах — як у краінах трэцяга свету).

У цэлым краіна па вайбу ўсё яшчэ хутчэй «Усходняя Еўропа», хаця патэнцыял развіцця і эканамічнага росту велізарны і з кожным годам становіцца ўсё больш.

Плюсаў у Польшчы таксама поўна, не скажу, што краіна «жах-жах», але яна больш падыходзіць для тых, хто не хоча асімілявацца на Захадзе і ўсё яшчэ шукае «Беларусь здаровага чалавека». Альбо для такіх як мы, хто прайшоў яе транзітам у 2020-2022. Усяляк лепш і перспектыўней Грузіі і Сербіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула