БЕЛ Ł РУС

Краўцоў прымусіў Кучынскага апраўдвацца за недасканалую санкцыйную палітыку Еўрасаюза

25.06.2025 / 8:0

Nashaniva.com

«З Літвы кожны дзень ездзяць грузавікі з казахскімі нумарамі з санкцыёнкай. А мы расказваем пра тое, як мы змагаемся».

Іван Краўцоў (злева) і Дзяніс Кучынскі. Фота: i.kravtsov / Instagram, «Наша Ніва»

Абмяркоўваючы ў новым выпуску ютуб-праекта «Мне таксама не падабаецца» санкцыйную палітыку Еўрасаюза супраць Беларусі, сакратар Каардынацыйнай рады і былы сябар штаба Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў заўважыў:

«Я там пытаўся ўжо ў Еўракамісіі. Слухайце, Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан, Турцыя — член НАТА, Кітай — вялізная дзірка памерам з вядро. Усе гэтыя краіны зараз дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыйны рэжым Захаду. Велізарная колькасць, мільярды даляраў валяць проста. Але чамусьці я не чуў, каб увялі санкцыі супраць Турцыі».

Згадаўшы распаўсюджанае меркаванне аб тым, што «рэжым Лукашэнкі падтрымлівае вайну ва Украіне», Краўцоў заўважыў: «Дроны не ляцяць з тэрыторыі Беларусі ўжо даўно. Ну вось гэты эпізод першы, ён жудасны, вядома.

Я думаю, што Лукашэнка сам быў абсалютна нешчаслівы, што так здарылася. Мяркуючы па тым, як ён рэагаваў, ніякай прыгажосці і радасці ў гэтым для сябе ён не ўбачыў. А тое, што ён зараз спрабуе максімальна дыстанцыявацца ў рамках магчымага, мне падаецца, гэта відавочна».

Па словах Краўцова, падтрымка «маленькай Беларуссю» Расіі ў вайне з Украінай непараўнальна з такімі краінамі, як Кітай і Турцыя.

«Мы прыдумалі хлопчыка для збіцця і расказваем гісторыі, што «давайце мы праз санкцыі на Беларусь разбурым расійскую ваенную машыну». Трошкі такая папулісцкая палеміка, як па мне», — выказаў крытыку сакратар Каардынацыйнай рады.

На гэтую заўвагу дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі адказаў, што не лічыць пазіцыю Офіса адносна ўзмацнення санкцый папулісцкай. Ён прызнае, што складана параўноўваць унёсак Беларусі з Кітаем і Турцыяй.

«Але ўсё адно гэта велізарная [падтрымка Расіі з боку Беларусі]. 300 прадпрыемстваў, велізарнейшы ўзровень прадукцыі. Абыход санкцый. Усе гэтыя дзіркі».

«Але з Літвы кожны дзень ездзяць грузавікі з казахскімі нумарамі з санкцыёнкай. Ніхто нічога не робіць. Разумееш? А мы расказваем пра тое, як мы змагаемся», — запярэчыў Краўцоў.

«Не зусім. Гэта іншае. Я не думаю, што гэта можа быць вельмі цікавым. Але, калі цікава… Сапраўды, ёсць праблема, таго, што ў Еўрасаюзе не было доўгі час механізма па імплементацыі санкцыйнай палітыкі. Ён з'явіўся зусім нядаўна. Асобны офіс, які якраз выяўляе дзіркі, працуе над гарманізацыяй санкцый, глядзіць, каб усе «станы» — Кыргызстан, Казахстан і іншыя — не маглі гэтага рабіць», — патлумачыў Кучынскі.

На яго погляд, нельга казаць, што «проста заплюшчваюцца на гэта вочы і ніхто з гэтым нічога не робіць». Трэба разумець, даводзіў дыпламатычны дарадца Ціханоўскай, што

«мы маем справу сапраўды з такім складаным, вопытным, гангстарскім рэжымам, які ведае, як гэта рабіць на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Таму зразумела, што яны вельмі разумныя ў пэўным сэнсе, каб знаходзіць гэтыя абыходы. Але гэта не значыць, што нічога не робіцца, каб гэтага не адбывалася».

У далейшай размове Кучынскі заўважыў, што Еўрасаюз праводзіць комплексную палітыку адносна Беларусі, якая накіравана на спыненне ў Беларусі рэпрэсій і вызваленне палітвязняў.

На гэта Краўцоў заўважыў:

«Ёсць вялікая розніца паміж патрабаваннем па змене рэжыму і патрабаваннем аб вызваленні палітвязняў. Усё ж гэтую розніцу трэба таксама фіксаваць».

«Абсалютна згодны. Тут ёсць абсалютная згода, што ёсць асноўныя першыя крытэрыі: выпуск палітзняволеных, спыненне рэпрэсій. Пачынаем з гэтага», — пагадзіўся Кучынскі.

Чытайце таксама:

Іван Краўцоў: Тое, што мы казалі 4 гады запар амерыканцам і еўрапейцам, пачало адбывацца

Краўцоў лічыць, што Лукашэнка гатовы адпускаць і знакавых палітвязняў

50 адценняў Кучынскага. Дарадца Ціханоўскай распавёў пра свае гальштукі

Каментары да артыкула