БЕЛ Ł РУС

Пяць гадоў таму арыштавалі Ігара Лосіка

25.06.2025 / 7:22

Nashaniva.com

Стваральніка канала «Беларусь галаўнога мозгу» арыштавалі 25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах — яшчэ да пачатку пратэстаў, — асудзілі да 15 гадоў зняволення і адправілі ў самую жорсткую калонію, наваполацкую.

Ігар стаў вядомы як стваральнік сеткі каналаў «Беларусь галаўнога мозгу», у якіх у дасціпнай форме асвятляў навіны. З цягам часу ён са сваімі праектамі далучыўся да экасістэмы «Радыё Свабода», вакол якой гуртаваліся многія блогеры.

Па стане на 2020 год найбольшая колькасць падпісчыкаў была ў тэлеграме ў «Беларусі галаўнога мозгу» і ў праекта «Нехта», стваральнік якога Сцяпан Пуціла знаходзіўся ў Польшчы.

Ігара арыштавалі 25 чэрвеня 2020 года. Дома засталіся жонка Дар’я і маленькая дачка Паўліна.

Лосіка ўключылі ў «справу Ціханоўскага», у якой сабралі блогераў і самых небяспечных для Лукашэнкі палітыкаў — Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калоніі, Міколу Статкевічу — 14 гадоў, Ігару Лосіку — 15 гадоў.

У СІЗА Ігар Лосік трымаў некалькі галадовак. Дар’я Лосік давала безліч інтэрв’ю замежным і беларускім незалежным медыя. У выніку ў кастрычніку 2022 года за гэта арыштавалі яе саму. Інтэрв’ю «Белсату» палічылі «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці» і прысудзілі Дар’і 2 гады калоніі. Маленькая дачка засталася з бабулямі і дзядулямі.

Падчас знаходжання за кратамі Дар’я падала на развод. У ліпені 2024 года Дар’я выйшла на памілаванні на месяц раней за прызначаны тэрмін. 

У красавіку 2024 года быў арыштаваны Мікіта Лосік, брат Ігара. Яго абвінавачваюць па «справе Гаюна».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула