Шаснаццаць градусаў. Расійскі карэспандэнт паскардзіўся, што змерз у лукашэнкаўскім палацы
Карэспандэнт расійскага выдання «Коммерсантъ» Андрэй Калеснікаў, вядомы сваёй манерай пісаць рэпартажы з розных самітаў у здзеклівым стылі, прыехаў у Мінск на пасяджэнне Вышэйшай эканамічнай рады ЕАЭС і, як сцвярджае, у Палацы Незалежнасці зусім змерз.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Дзмітрый Азараў / Коммерсантъ
«Але пара было ўжо і заканчваць. Бо ў Палацы Незалежнасці было да дрыжыкаў холадна ўвесь гэты час. Я не мог знайсці гэтаму ніякага лагічнага тлумачэння, пакуль не пагаварыў з памочнікам прэзідэнта Юрыем Ушаковым, які вярнуўся з абеду.
— Усё відавочна, — паціснуў ён плячыма. — Шаснаццаць градусаў — гэта тэмпература, пры якой п'юць чырвонае віно. І не толькі ў Беларусі. Вось і цяпер: прыносяць са склепа чырвонае віно і п'юць яго пры тэмпературы шаснаццаць градусаў! І не трэба ахалоджваць! Усе ўжо і так ахаладзіліся.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, які стаяў побач, успомніў, як у гэтым жа самым палацы некалькі гадоў таму кіраўніца Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка ў такой жа сітуацыі пасядзела, ды і папрасіла, каб не пасівець, прынесці ёй футра з гардэроба, у якім і прасядзела ўсё пасяджэнне ў пашыраным, не пабаюся гэтага слова, складзе», — напісаў Калеснікаў.
У іншым рэпартажы, з учарашняга Еўразійскага форуму, Калеснікаў празрыста патроліў Лукашэнку, намякнуўшы на ягоны мажны знешні выгляд:
«Фотафініш застаўся, я лічу, за прэзідэнтам Беларусі. Гэта ж ён прапанаваў калегам зрабіць family-фота на фоне непраўдападобна вялікага (як і сам Аляксандр Лукашэнка, прынамсі ў вачах сучаснікаў), проста вялізнага кар'ернага «БелАЗа-75710» грузападымальнасцю 450 тон. На яго фоне не такім уражлівым пачаў здавацца нават сам Аляксандр Лукашэнка».
Папярэдні рэпартаж Калеснікава, звязаны з Лукашэнкам, скончыўся гучным скандалам. У сваім рэпартажы пра парад у Маскве 9 мая Калеснікаў згадаў, што Лукашэнка нібыта не стаяў, калі на Краснай плошчы праходзілі беларускія вайскоўцы, хоць відэа з падзеі засведчыла адваротнае.
Гэтым скарыстаўся лукашэнкаўскі прапагандыст Рыгор Азаронак, які падчас стрыму сваёй перадачы даў сабе волю, не стрымліваючыся ў выразах.
«Андрэй Калеснікаў, ты гнілы вяртлявы під*рас. І *уясос. Кончанае чмо і аблёваны ліберал. І ўся твая газетка гэтая «Буржуй» — туалетная папера…», — вяшчаў прапагандыст.
Пасля таго Андрэй Калеснікаў быў вымушаны апраўдвацца і прабачацца.
Чытайце таксама:
«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад
Аўтар расійскага «Коммерсанта» выбачыўся перад Лукашэнкам за тое, як апісаў ягоны прыезд на парад