На мітынгу ў Вільні затрымалі правакатара. А Ціханоўскі заявіў пра намер дабівацца сустрэчы з Зяленскім
Абняць Сяргея на мітынг у сталіцы Літвы прыйшлі Паліна Шарэнда-Панасюк і палітвязень Юрый Чудзіновіч, які сядзеў з Ціханоўскім у суседняй камеры. А спявак Космас выканаў сваю каронную «Разбуры турмы муры» з эйфарычнай дапамогай Ціханоўскага. Сход не абышоўся без інцыдэнту.
Мітынг Ціханоўскіх у Вільні 28 чэрвеня 2025 года. Фота тут і далей: «Наша Ніва»
Святлана Ціханоўская прыйшла на плошчу Вінцаса Кудзіркі ў цэнтры Вільні з папкай з партрэтам палітвязня і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Яе выступ быў кароткі і сціплы. Яна падзякавала ўсім, хто працягвае барацьбу за вызваленне палітвязняў.
Далей мікрафон узяў Сяргей Ціханоўскі, ён і дыджэіў усю сустрэчу, выпраменьваў эйфарыю свабоды.
Ціханоўскі паабяцаў, што хутка абвесціць збор людзей і актыўна ўключыцца ў працу — гэтыя акцыі ён назваў размінкай.
Абняць Сяргея прыйшлі Паліна Шарэнда-Панасюк і палітвязень Юрый Чудзіновіч, які сядзеў з Ціханоўскім у суседняй камеры.
Сяргей Ціханоўскі абдымае Паліну Шарэнду-Панасюк, якая выйшла на волю ў лютым 2025 года, правёўшы за кратамі чатыры гады.
А спявак Космас выканаў сваю каронную «Разбуры турмы муры» з эйфарычнай дапамогай Ціханоўскага.
Сяргей адзначыў, як парадавала яго ў турме ў 2020 годзе інфармацыя пра тое, як шмат праглядаў сабрала гэтая песня ў ютубе.
На мітынгу былі таксама былыя палітзняволеныя Наталля Дуліна, Ігар Карней і Дзмітрый Гопта, музыкі Лэслі Найф і Ціматэ Суладзэ, акцёр і гаспадар «Карчмы 1863» Ілля Ясінскі, кіраўнік фонду «Байсол» Андрэй Стрыжак. Падтрымаць Ціханоўскага прыйшоў і беларускамоўны літоўскі дэпутат Томас Тамілінас.
Сяргей Ціханоўскі прачытаў і яшчэ адзін верш, які напісаў у турме. Яму не давалі магчымасці пісаць, таму ён напісаныя творы проста запамінаў.
«В тюрьме лишен всего, но не сдаюсь.
Я знаю правду: вечно будут жить
Свобода, братство, наша Беларусь».
Сяргей Ціханоўскі заявіў, што будзе дабівацца сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
А таксама — што атрымаў «пашпарт Новай Беларусі».
Ціханоўскі расказаў таксама, што працягвае страчваць вагу.
Кажа, што калі раптам памрэ, то значыць яму нешта ўкалолі ці падсыпалі напаследак.
Па выхадзе з турмы блогер важыў 79 кг. Цяпер яго вага знізілася да 76 кг.
Многія беларусы прынеслі на сустрэчу самаробныя плакаты.
«Сяргей — джэнтэльмен» — так гучаў плакат аднаго з удзельнікаў.
Так сябе назваў сам Ціханоўскі: раз яго жонка — прэзідэнт, то ён — першы джэнтэльмен краіны (па аналогіі з першай лэдзі).
Прыкол, аднак, заключаны ў адваротным баку таго плаката. Там напісана: «Саша не джэнтльмен».
Палітвязень Юрый Чудзіновіч, з якім Ціханоўскі сядзеў у суседніх камерах і перастукваўся
Сяргей Ціханоўскі таксама расказаў пра страшныя ўмовы, у якіх сядзіць экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч.
Па словах Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча ўтрымлівалі ў Глыбокім у камеры, дзе нават локці немагчыма развесці.
Да Статкевіча, па словах Ціханоўскага, таксама прыязджалі з прапановамі пісаць прашэнне ад памілаванні, але Статкевіч плюнуў ім у твар.
Здарыўся на мітынгу і невялічкі інцыдэнт. На сход прыйшоў чалавек, які стаў скандаваць Ціханоўскім «Ганьба».
Ім аказаўся Святаслаў Міляйкоўскі, былы каардынатар штаба Віктара Бабарыкі па Фрунзенскім раёне. Кажа, што глядзеў трансляцыю сустрэчы і так абурыўся, што сышоў з працы і прыехаў сюды. Ён стаў крычаць, што Ціханоўскія — пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы.
Мітынгоўцы сталі крычаць «Ганьба» ў адказ яму.
Паліцыя адвяла Міляйкоўскага да сваёй машыны. Пасля праверкі дакументаў яго адпусцілі.
Як высветліла «Наша Ніва», Міляйкоўскі ў 2020 годзе быў не толькі ў штабе Бабарыкі, але і ў штабе Валера Цапкалы. Пазней ён быў госцем блогера Віруса (Кандраценкі).
Усяго па ацэнцы прадстаўнікоў віленскай паліцыі, на акцыю сабралася каля 350 чалавек.