БЕЛ Ł РУС

Праваслаўных святароў сталі прыцягваць да працы з «дармаедамі»

28.06.2025 / 18:9

Nashaniva.com

У Беларусі пашыраецца практыка ўдзелу святароў Беларускай праваслаўнай царквы ў ініцыятывах уладаў, скіраваных на фармаванне «патрэбнага» стаўлення да сацыяльных і дзяржаўных пытанняў. Гэта тычыцца не толькі агульных духоўна-маральных аспектаў, але і выразна ідэалагічных мерапрыемстваў, такіх як Адзіны дзень інфармавання, піша «Хрысціянская візія».

Сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы ў Жлобіне

Так, напрыклад, у Жлобіне ў склад інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якая праводзіла такую сустрэчу 24 чэрвеня на тэму «Беларусь — краіна магчымасцяў», увайшоў святар — іерэй Павел Куліш з храма Святой Жыватворнай Тройцы. Ён выступіў перад супрацоўнікамі МНС, а ў сваёй прамове

«закрануў духоўна-маральныя асновы ўстойлівага грамадства, падкрэсліўшы, што сям'я і вера з'яўляюцца трывалым падмуркам выхавання асобы, сапраўднага патрыятызму і адказных адносін да сваёй справы».

У гэты ж час іншы прыклад зафіксавалі ў Мастах, дзе ў РАУС прайшла сустрэча з людзьмі, не занятымі ў эканоміцы — так званымі «дармаедамі». У ёй удзельнічалі супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі сацыяльнай службы, псіхолаг і настаяцель мясцовага храма іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць» айцец Уладзімір Саверчанка. Гэта была частка дзяржаўнай праграмы па «прафілактычным уздзеянні» на працаздольных беспрацоўных грамадзян, якая дзейнічае з 1 красавіка 2025 года.

Сустрэча з «дармаедамі» ў Мастах

Такія сустрэчы накіраваныя на «матывацыю» людзей да працаўладкавання, і, як адзначае ініцыятыва «Хрысціянская візія», удзел святароў у падобных мерапрыемствах адзначаецца ёй упершыню.

Чытайце таксама:

Беларускі святар растлумачыў, ці можна дзецям гуляць з шалёна папулярнымі монстрыкамі лабубу

Былы святар з Гомеля паказаў, як дачка сустракала яго пасля двух гадоў зняволення

У Свята-Елісавецінскі манастыр прыйшлі з праверкамі

Каментары да артыкула