«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са сваімі чыноўнікамі гаварыў пра ўзмацненне «прыгоннага права» адносна маладых спецыялістаў, апелюючы да складанага міжнароднага становішча.
Аляксандр Лукашэнка, 27 чэрвеня 2025. Фота Sergei Bobylev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Лукашэнка загадаў сваім чыноўнікам пільна сачыць за рухам кадраў, маючы на ўвазе маладых спецыялістаў, якія размяркоўваюцца для працы ў сельскай гаспадарцы пасля заканчэння навучальных устаноў. Калі нейкія з гэтых спецыялістаў будуць прападаць з месцаў, куды іх размеркавалі, Лукашэнка паабяцаў высылаць кантралёраў са сваёй адміністрацыі.
«Я чаму так жорстка стаўлю пытанне. Ужо многія — вось, прыгоннае права, прыгоннае права…
Слухайце, мужыкі, сёння сітуацыя ваенная. Тое, што мы не ваюем, — народ павінен на гэтую ўладу маліцца, што мы яшчэ неяк трымаемся. Вы бачыце, што навокал. Як толькі ўнутры пойдуць праблемы — нам іх узмоцняць. Нам падкінуць. Вунь вакол Беларусі сядзяць, як змеі падкалодныя шыпяць, гатовыя сюды рынуцца. Таму давайце падымаць праблемы і вырашаць пытанні, якія на паверхні», — заявіў палітык.
Пры гэтым Лукашэнка звярнуў увагу, што маладыя спецыялісты пасля службы ў войску не заўсёды вяртаюцца на ранейшае месца працы. Ён падкрэсліў, што «гэтую праблему трэба вырашаць».
«Прынамсі сказаць: хлопцы, як было, так і ёсць — усе ідуць у войска, з войска вяртаюцца заатэхнікамі, аграномамі», — сказаў прамоўца.
Пры гэтым факт службы ва Узброеных сілах павінен улічвацца пры прыёме спецыялістаў на працу.
«Калі ўсеагульны [вайсковы абавязак], то ўсім трэба служыць. І пры прызначэнні, руху, перамяшчэнні людзей трэба глядзець: служыў ці не служыў».
Чытайце таксама:
Прызначылі новага міністра прамысловасці, а былога вярнулі на «Амкадор»
Прызначаны памочнік Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці
Лукашэнка прызначыў новых амбасадараў у Егіпет, Венесуэлу і Кенію
Лукашэнка памяняў 15 кіраўнікоў раённых і абласных выканкамаў