Аляксей Талай развёўся з другой жонкай
Вядомы паралімпіец балюча перажывае разрыў і заклікае забараніць жанчынам доступ у сацыяльныя сеткі, бо «інстаграм — зброя масавага знішчэння сем'яў і лёсаў дзяцей і мужчын».
Аляксей Талай з другой (ужо былой) жонкай Анастасіяй. Фота: сацсеткі
Першы раз Аляксей Талай ажаніўся, калі яму было 20 гадоў. Абранніцай стала школьная сяброўка Марыя Дасужая. Яна падтрымлівала Талая пасля няшчаснага выпадку, калі хлопцу адарвала рукі і ногі знойдзенай мінай.
Маладыя людзі сталі бавіць час разам. Па словах Аляксея, калі ён зразумеў, што адносіны ўжо перайшлі ў катэгорыю сур’ёзных, то прапанаваў Марыі расстацца — бо не хацеў сапсаваць жыццё дзяўчыне. Яна пакрыўдзілася на такія словы і сказала, што ніколі не кіне каханага.
Аляксей з першай жонкай Марыяй. Тут і далей скрыншоты з фільма «Птушка Фенікс Аляксея Талая»
Пара пабралася шлюбам у 2003-м, нарадзіліся двое сыноў — Марк і Уладзіслаў. Яны ўжо дарослыя. Малодшы Уладзіслаў летась пайшоў служыць у спецназ (адвучыўся ён у Мінскім дзяржаўным каледжы на цесляра). Старэйшы Марк, па словах бацькі, праходзіць службу ў Інстытуце памежнай службы.
Старэйшыя сыны Аляксея Талая з роднымі
У 2010 годзе Аляксей і Марыя аформілі развод. Талай казаў, што праблема была ў тым, што ён стаў больш часу надзяляць бізнэсу, спорту і дабрачыннасці, а не жонцы. Але ў жыцці сыноў, маўляў, працягваў удзельнічаць.
Аляксей Талай з другой жонкай Анастасіяй, іх агульнымі дзецьмі і сынамі ад першага шлюбу
З другой жонкай — Анастасіяй Франковай — Талай пазнаёміўся ў сацсетках. Кажа, пабачыў здымкі прыгожай дзяўчыны, пасумняваўся крыху, але вырашыў усё ж напісаць.
Як пасля распавядала Анастасія ў інтэрв’ю, яна спачатку не ведала нічога пра інваліднасць мужчыны, бо ў таго ў акаўнце былі толькі партрэтныя здымкі.
Дзяўчына прызнавалася, што калі б з ёй на вуліцы паспрабаваў пазнаёміцца мужчына на інвалідным вазку, то яна хутчэй за ўсё адмовілася б.
Анастасія і Аляксей з сынам Яраславам і дачкой Дар'яй
«Калі ў нас пачаліся адносіны, я сустрэла вялікае неразуменне ў грамадстве. Гэта было ці не самае страшнае, што я перажыла, — распавядала ў 2021 годзе Анастасія. — Мама плакала, стаяла на каленях і прасіла, каб я не рабіла глупства. А потым сказала збіраць рэчы і ісці жыць да яго: маўляў, каб я зразумела, як гэта, і вярнулася».
Многія не маглі зразумець такі раман.
«Казалі, што я ў яго сядзелка, што гэта ўсё проста для карцінкі, што я з ім толькі дзеля грошай. А потым я зацяжарыла, і мама супакоілася, прыняла сітуацыю. Цяпер у іх з Аляксеем нармальныя адносіны, але ўсё роўна ёсць нейкая недамоўленасць».
Анастасія нарадзіла ў адносінах з Аляксеем дачку Дар’ю і яшчэ аднаго сына — Яраслава. У 2014 годзе падчас запісу расійскага шоу «Няхай гавораць» Талай прапанаваў каханай стаць яго жонкай. Дайшлі да ЗАГСу яны толькі ў 2017 годзе, калі Анастасія была цяжарная другі раз. Вяселле было сціплым: распісаліся, а пасля пасядзелі ў кафэ разам з самымі блізкімі сябрамі.
Адносіны ў сям’і, па словах Анастасіі, складваліся не вельмі проста:
«На мой погляд, самае цяжкае ў сямейным жыцці — гэта саступаць адно аднаму. Мы з Аляксеем зусім розныя, як інь і ян. Я падтрымліваю і дапаўняю яго, ён — мяне. Без яго я ўжо не той чалавек. І яму трэба ў мяне павучыцца пэўнай мяккасці. Саступаць і прыслухоўвацца адно да аднаго вельмі важна. Канечне, як і ў любой сям'і, у нас бываюць канфлікты. Асабліва шмат іх здаралася падчас каранавіруса, калі мы суткамі сядзелі дома. Гэта было цяжка».
Вялікая сям'я Аляксея Талая
Чуткі пра тое, што адносіны ў сям’і разладзіліся, хадзілі не першы месяц.
У сацсетках Талай нядаўна рэпосціў мізагіннае відэа, прысвечанае таму, што жанчын нічога добрага не чакае пасля разводу, бо яны ўпусцілі сваё шчасце — а потым выдаліў.
У сваім тэлеграм-канале параалімпіец апублікаваў велізарны допіс з загалоўкам: «Бабы руйнуюць свае сем'і». У ім Талай заклікаў забараніць жанчынам доступ у сацыяльныя сеткі, бо «інстаграм — зброя масавага знішчэння, паразы (сем'яў, лёсаў дзяцей, мужчынскіх лёсаў)… Дурная жанчына гатовая дзеля лайкаў, праглядаў і каментароў (увагі да сябе), тварыць дзіч…».
Па меркаванні Аляксея, жанчынам прамылі мозг рознага кшталту псіхолагі і трэнеры асабістага росту: «Яркія карцінкі, створаныя блогеркамі — часцяком пустыя выявы ўяўнага шчасця «на Мальдывах», велізарныя букеты кветак, узятыя ў арэнду інстасамкамі дзеля багатай карцінкі ў арэндным гатэлі, прымушаюць жанчын, якія прагнуць усё большага і большага, задумацца, што ў іх жыцці чагосьці не хапае — сям'і (муж дрэнны чагосьці недадаў), выракаючы сваіх дзяцей на безбацькоўшчыну!».
Аляксей некалькі разоў за ноч публікаваў і выдаляў допіс з бясконцымі прэтэнзіямі да жанчын са свайго тэлеграм-канала.
Знаёмыя Аляксея Талая пацвердзілі «Нашай Ніве», што ён развёўся з другой жонкай і цяжка перажывае разрыў.
Чытайце таксама:
Фонд Талая зноў перадаў гуманітарную дапамогу на акупаваныя тэрыторыі Украіны
Па ўсёй краіне круцяць фільм пра Аляксея Талая. Квіткі прадаюць за 1 рубель, але ці ёсць гледачы?
Аляксей Талай прапанаваў даць Лукашэнку званне Героя Беларусі