БЕЛ Ł РУС

«Гэта ўжо проста некіраваныя натоўпы». Летняе наступленне Пуціна вычарпалася, але і ўкраінская армія наступаць не можа

1.07.2025 / 11:27

Nashaniva.com

Расійскае летняе наступленне на ўсходзе Украіны зайшло ў тупік — вайсковая групоўка, якая пагражала Сумам, спынілася, а спробы прасунуцца на іншых напрамках правальваюцца. Паводле экспертаў, расійскія падраздзяленні страцілі арганізаванасць і дзейнічаюць без эфектыўнага камандавання. Ваенныя манеўры з абодвух бакоў ужо немагчымыя, што ператварае вайну ў пазіцыйнае супрацьстаянне.

Менш чым за два тыдні таму крамлёўскі лідар Уладзімір Пуцін заявіў са сцэны форуму ў Санкт-Пецярбургу, што ён не выключае захопу горада Сумы расійскай арміяй. Праз некалькі дзён галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі абвясціў, што, відаць, гэтага не адбудзецца — бо «хваля варожага летняга наступлення» сышла на нішто. Войскі Пуціна былі спыненыя, піша BILD.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пацвярджае гэта: расійская ваенная групоўка колькасцю каля 50 тысяч салдат і афіцэраў знаходзіцца прыкладна ў 19 км ад Сум, аднак тэмп яе наступлення запаволіўся.

Не ўдаецца прасунуцца расійскім войскам і ў раёне Канстанцінаўкі — да гэтага стратэгічна важнага горада, размешчанага паміж Краматорскам і Пакроўскам, яны спрабуюць падступіцца тыднямі, але марна.

Адна з прычын няўдач расійскай арміі — недахоп камандзіраў і ўзаемадзеяння асобных атрадаў. Уплывае гібель занадта вялікай колькасці афіцэраў.

Эксперт па пытаннях бяспекі і палітолаг Крысціян Мёлінг тлумачыць:

Гэта ўжо нават не батальёны, а зусім маленькія падраздзяленні, якія не навучаны ўзаемадзейнічаць — па сутнасці, некіраваныя натоўпы, якія, праўда, не ваююць з віламі, як у Сярэднявеччы, але і не ўяўляюць сабой класічных ваенных фарміраванняў».

Па словах Мёлінга, гаварыць пра наступленне ў звычайным разуменні ўжо не даводзіцца:

«Ні ўкраінскія, ні расійскія войскі больш не здольныя праводзіць буйныя, скаардынаваныя ваенныя манеўры».

З гэтай прычыны скаардынаваныя аперацыі сухапутных сіл і ВПС больш не праводзяцца, а без іх фронт наўрад ці істотна зрушыцца. Магчыма, менавіта таму ў апошнія тыдні Пуцін узмацніў абстрэлы ўкраінскіх гарадоў.

«Гэта, па сутнасці, праява бездапаможнасці. Калі на фронце не ўдаецца прасунуцца, то робіцца стаўка на ціск на палітычнае кіраўніцтва шляхам дэмаралізацыі насельніцтва».

Пакуль што, аднак, гэты план не працуе, кажа Мёлінг, і па вельмі простай прычыне — украінцы не вераць, што саступкі Крамлю прывядуць да чагосьці лепшага.

Чытайце таксама:

Кіт Келаг заявіў, што мірныя перамовы тармозіць Расія

Расія кінула на Сумы 50-тысячную групоўку

Бітва за Канстанцінаўку: чаму гэтае месца можа стаць галоўнай мэтай наступу Расіі

Каментары да артыкула