БЕЛ Ł РУС

Санкцыйная палітыка адміністрацыі Трампа дазваляе Расіі папаўняць вайсковы бюджэт

2.07.2025 / 17:18

Nashaniva.com

З пачатку 2025 года, калі Дональд Трамп вярнуўся на пасаду прэзідэнта ЗША, ягоная адміністрацыя не ўводзіла новых санкцый супраць Расіі ў сувязі з вайной ва Украіне. Нават частку наяўных абмежаванняў адмянілі. У выніку Масква атрымала магчымасць набываць забароненыя тэхналогіі і фінансаванне, піша The New York Times.

Фота: Christopher Furlong / Getty Images

Аналітыкі выдання адзначаюць, што гэта аслабіла эфектыўнасць ранейшых санкцый. Расія атрымлівае мікрачыпы і кампаненты для зброі праз падстаўныя кампаніі, зарэгістраваныя ў іншых краінах, якія не трапляюць пад санкцыі. Напрыклад, кампанія HK GST Limited у Ганконгу прадае мікрачыпы, якія выкарыстоўваюцца ў крылатых ракетах Х-101, што выкарыстоўваюцца ў атаках на Кіеў.

Кампанія звязаная з чатырма аналагічнымі дыстрыб'ютарамі электронікі, створанымі за апошнія тры гады. Сярод іх — сінгапурская ChipsX і кітайская Carbon Fiber Global, якая вырабляе дэталі для БПЛА. Журналісты адзначаюць, што крытычна важнае абсталяванне не было б даступнае Расіі ў выпадку своечасовага абнаўлення санкцыйнай палітыкі.

«Трэба працягваць бегчы, каб проста заставацца на месцы», — заўважае ў размове з імі эканамістка Інстытута міжнароднай эканомікі Петэрсана Эліна Рыбакова.

За часамі прэзідэнцтва Джо Байдэна ЗША пастаянна ўводзілі сотні новых санкцый супраць Расіі, але цяпер гэта спынілася. Больш за тое, у красавіку 2025 года Мінфін ЗША зняў санкцыі з жонкі расійскага алігарха Барыса Ратэнберга, а ў лютым распусціў каманду, якая займалася пошукам актываў расійскіх алігархаў, пераарыентоўваючыся на барацьбу з ХАМАС.

Расія таксама не была ўключаная ў санкцыі, накіраваныя на абмежаванне гандлю з аўтарытарнымі рэжымамі. Пры гэтым ЗША імпартавалі з Расіі тавараў на больш за $3 мільярды ў 2024 годзе.

Амерыканскія палітыкі з абодвух асноўных партый крытыкуюць палітыку Трампа як занадта мяккую да Крамля. У Кангрэсе нават прапанавалі новы закон, які ўмацоўвае санкцыі супраць краін, што купляюць расійскую энергію. Але Трамп пакуль не ўвёў новых санкцый, бо жадае захаваць магчымасць для перамоў паміж Масквой і Кіевам.

Чытайце таксама:

«Ні ў якім разе я не рабіў заявы». Келаг зняпраўдзіў словы Лукашэнкі

Трамп: Падумаю над тым, каб дэпартаваць Маска з ЗША. І нацкую на яго DOGE

Трамп знайшоў купца для амерыканскіх актываў тыктока

Трамп афіцыйна адмяніў амерыканскія санкцыі супраць Сірыі

Каментары да артыкула