БЕЛ Ł РУС

На станцыі Калядзічы пад Мінскам узніклі праблемы з вывазам кантэйнераў

2.07.2025 / 21:48

Nashaniva.com

На чыгуначнай станцыі Калядзічы апошнімі днямі назіраюцца затрымкі з афармленнем і вывазам кантэйнераў, піша Office Life.

Фота: arslog.by

Як паведамляе кампанія STA Logistic, галоўная прычына — моцны вецер, з-за якога працу кранаў перыядычна спыняюць — часам на цэлы дзень. Гэта выклікае затрымкі з адгрузкай кантэйнераў, а таксама стварае цяжкасці пры здачы пустых. У асобных выпадках затрымка можа доўжыцца да сутак.

Да таго ж перад доўгімі выхаднымі павялічваецца нагрузка на склады і станцыі — попыт на перавозкі ўзрастае, а склады не працуюць. У выніку час чакання на станцыях Калядзічы і Шабаны, які звычайна складае 3—6 гадзін, можа значна павялічвацца.

Лагісты раяць кампаніям арганізоўваць вываз загадзя: браніраваць машыны наперад, асабліва ўлічваючы загружанасць перавозчыкаў, і планаваць пад’езд транспарту мінімум за 1—2 дні да пастаўкі.

Таксама для паскарэння працэсу рэкамендуецца вывозіць кантэйнеры пасля 22:00, калі чэргі на станцыі мінімальныя.

Чытайце таксама:

Напярэдадні вялікіх выхадных стаў кепска працаваць сайт Беларускай чыгункі

На ліпеньскія вялікія выходныя дададуць некалькі цягнікоў

На Віцебшчыне вецер абясточыў 39 населеных пунктаў

Каментары да артыкула