Зайцы з вялікімі морквамі і чырвона-зялёны ветразь. У Смаргоні прайшоў конкурс «Плаванне на чым папала» ШМАТ ФОТА
Чыноўнікі і бюджэтнікі спаборнічалі ў крэатыве і караблебудаўніцтве. А некаторыя — і ў дзяржаўным патрыятызме.
Фота тут і далей: «Светлы шлях»
У Смаргоні з нагоды 3 ліпеня прайшло незвычайнае спаборніцтва «Плаванне на чым папала». Каманды арганізацый і прадпрыемстваў горада мусілі змайстраваць плавальны сродак з падручных матэрыялаў, упрыгожыць яго і правесці прэзентацыю.
Пасля ўсе самаробныя судны і плыты спускалі на ваду і ладзілі гонкі. Пераможцаў вызначалі ў некалькіх намінацыях, піша «Светлы шлях».
Напрыклад, у конкурсе на самае арыгінальнае тэхнічнае рашэнне перамагла каманда завода «Смаргонскія малочныя прадукты». Падаецца, суддзі дадалі ім балаў за чырвона-зялёныя ветразі і назву карабля «Патрыёт».
Самым хуткім аказалася судна смаргонскіх камунальнікаў. Яны выбралі класіку з пунсовымі ветразямі. Сваё судна супрацоўнікі ЖКГ назвалі «Мечта».
Аўтарамі самага непатапляльнага судна сталі медыкі з раённай бальніцы. Яны збудавалі плыт з дахам і шарыкамі. Некаторыя з гэтых шароў, шчыра кажучы, былі даволі небяспечных колераў.
Прыз за лепшую прэзентацыю атрымаў камбінат хлебапрадуктаў. На гібрыдзе плыта і лодкі працаўнікі камбіната ўладкавалі цэлую зону адпачынку з лежаком і вялікім парасонам.
Гран-пры конкурсу атрымала каманда ЖРЭСа, якая ўладкавала на плыце вайсковую палявую кухню і накарміла супернікаў кашай.
Пераформанс паказалі і фінансісты з Цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Яны разыгралі Дзеда Мазая і зайцаў, якія прынеслі гіганцкія морквы.
А каманда першай школы прывезла на конкурс русалку. Што праўда, з суднам педагогі асабліва нічога прыдумляць не сталі: проста накінулі зеляніны на надзіманую лодку.
Супрацоўнікі «Смаргоньгаза» вырашылі нагадаць, што на двары, між іншым, Год добраўпарадкавання. Іх плыт вытрымаў і вялікі плакат, і два немаленькія сцягі.