БЕЛ Ł РУС

Пачаўся Будслаўскі фэст. Сёлета там адбудзецца асаблівая падзея

4.07.2025 / 20:52

Nashaniva.com

У фэсце бяруць удзел дзве тысячы вернікаў з усёй Беларусі.

Фота тут і далей: БелТА

У санктуарыі Маці Божай Будслаўскай стартаваў Будслаўскі фэст, галоўная каталіцкая пілігрымка Беларусі. Сёлета ў фэсце бяруць удзел дзве тысячі пілігрымаў з усёй краіны.

Святую Імшу сёння ўзначаліў біскуп Андрэй Зноска. Пілігрымаў у Будславе таксама сустракаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Іосіф Станеўскі. Звычайна на фэст з'язджаюцца ўсе каталіцкія біскупы Беларусі.

Да санктуарыя ўжо прыйшлі і прыехалі на веласіпедах пілігрымкі з Мінска, Ліды, Жодзіна, Ракава, Полацка, Росіцы, Нарачы, Глыбокага, Вілейкі, Мядзела, Маладзечна, Баранавіч, Смаргоні, Паставаў. На гэты момант прыбылі больш за 1,7 тысячы чалавек. Вернікі прадаўжаюць ісці, піша БелТА.

Будслаўскі фэст праходзіць 4 і 5 ліпеня пад дэвізам «Божая міласэрнасць — давяраем табе». У першы дзень фэсту у 21.00 пачнецца Хрэсны шлях, у 23.30 — працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, пасля чаго роўна апоўначы — Богаслужэнне. 

Гэтым разам падчас фэсту адбудзецца асаблівая падзея: пасвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі Божай міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Трансляцыю асноўных мерапрыемстваў фэста можна глядзець на канале Нацыянальнага санктуарыя.

Нагадаем, што ў 2018 годзе Будслаўскі фэст быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула