БЕЛ Ł РУС

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход

7.07.2025 / 8:17

Nashaniva.com


На «Віцебск-водтрансе» самастойна збудавалі сучасны цеплаход — падзея для прадпрыемства беспрэцэдэнтная. Карабель стаў не толькі тэхнічным прарывам, але і прыкладам сплочанасці калектыву, які ўпершыню за сваю гісторыю ўзяўся за будаўніцтва самаходнага судна, расказваюць на прадпрыемтсве.

Прадпрыемства «Віцебск-водтранс» рэалізавала ўнікальны праект — уласнымі сіламі пабудавала сучасны цеплаход для абслугоўвання навігацыйных знакаў на рацэ. «Гэта параўнальна з тым, як бы ў аэрапорце будуюць самалёты, а на чыгуначнай станцыі — цягнікі», — параўноўваюць там.

Цеплаход аснашчаны найноўшым гідраманіпулятарам, дзякуючы якому праца па абслугоўванні навігацыйных знакаў цяпер цалкам механізаваная. Раней усе гэтыя задачы выконваліся ўручную. Умовы для экіпажа таксама на добрым узроўні: чатыры каюты, кухня, сістэмы ацяплення і падагрэву вады, санвузел і душавая.

Для «Віцебск-водтранса» гэта першы вопыт будаўніцтва самаходнага судна. Праект набывалі асобна, але зборку карабля вялі літаральна «ад балта да рухавіка».

Кошт будаўніцтва склаў паўтара мільёна рублёў, што ў некалькі разоў танней, чым заказваць судна за мяжой.

Назву новаму цеплаходу выбралі гістарычную — «Дзвінск». Яна адсылае да аднайменнага парахода, які курсіраваў у Віцебску з 1894 года і працягваў службу нават пасля пад’ёму з дна ракі пасля вайны.

Набыты вопыт прадпрыемства плануе выкарыстаць і надалей.

Ужо ў гэтым месяцы чакаецца паступленне земснарада (спецыяльнае судна, прызначанае для выемкі і транспарціроўкі грунту са дна вадаёмаў), які пройдзе мадэрнізацыю і наступным годам пачне здабычу пяску ў кар’еры. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула