Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць
Хоць беларускія ўлады нечакана вызвалілі зняволенага мужа лідаркі апазіцыі Святланы Ціханоўскай, але яна працягвае заклікаць прэзідэнта ЗША захоўваць ціск на Аляксандра Лукашэнку.
Фота: Contributor / Getty Images
«Не нармалізуйце сітуацыю, калі людзей вызваляюць у абмен на нейкія саступкі з вашага боку, змякчэнне санкцый або публічнасць», — сказала яна ў інтэрв’ю Politico.
«Лукашэнка павінен быць пакараны, а не ўзнагароджаны», — заклікае яна.
Некаторыя міжнародныя абаронцы правоў чалавека занепакоеныя, што пасля таго, як Лукашэнка вызваліў Сяргея Ціханоўскага, пасля візіту ў Мінск спецыяльнага пасланніка ЗША Кіта Келага, адміністрацыя Трампа аслабіць ціск на Лукашэнку.
Ціханоўская заклікала прэзідэнта ЗША не паддавацца на спробы Лукашэнкі легітымізавацца.
Паводле яе слоў, Беларусь можа стаць «гісторыяй знешнепалітычнага поспеху прэзідэнта Трампа», калі ён і саюзнікі ЗША не дазволяць Лукашэнку захаваць уладу або перадаць краіну Расіі ў абмен на ўрэгуляванне вайны ва Украіне.
«Я ўпэўненая, што амерыканскія партнёры разумеюць, з кім маюць справу», — сказала яна.
Ціханоўская лічыць, што прэзідэнт ЗША можа «змяніць усю архітэктуру бяспекі рэгіёна», калі будзе дамагацца вызвалення беларускіх палітычных зняволеных і настойваць на сістэмных зменах у краіне.
«Нельга заахвочваць агрэсара, міру не можа быць без справядлівасці. А Беларусь тут — ключавая тэма. Таму што калі Лукашэнка захавае ўладу, міру ў рэгіёне не будзе», — дадала яна.