БЕЛ Ł РУС

«Мала што ў інтэрнэце пішуць». Выкладчык, якога абвінавацілі ў дамаганнях, працягне працаваць у ансамблі «Белая Русь»

8.07.2025 / 15:10

Nashaniva.com

Каледж, дзе выкладае Анатоль Карповіч, адправіў яго ў адпачынак як мінімум да канца прыёмнай кампаніі. А ў ансамблі, якім кіруе харэограф, пакуль ніякіх дзеянняў прадпрымаць не плануюць.

Анатоль Карповіч. Фота: сайт МДКМ

Па словах дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў Юрыя Ляйко, да якога журналістка «Нашай Нівы» звярнулася пад выглядам гарадской блогеркі, зараз Анатоль Карповіч знаходзіцца ў адпачынку, куды яго адправілі па загадзе адміністрацыі ўстановы.

Ён адзначыў, што Карповіч працаваў у каледжы не на поўную занятасць, а асноўная яго дзейнасць — кіраванне ансамблем «Белая Русь».

Намесніца дырэктара ансамблю Вольга Бунчук, да якой журналістка таксама звярнулася як гарадская блогерка, сказала, што на гэты момант Анатоль Карповіч працягвае працаваць у калектыве.

На пытанні аб тым, ці будзе ансамбль неяк рэагаваць на публічныя абвінавачванні супраць іх кіраўніка, праводзіць расследаванне, Бунчук адказала «мала што пішуць у інтэрнэце».

«Я проста не ведаю. Складана адказваць на такія пытанні», — сказала яна.

Некалькі дзён таму Арцём Каўрыга абвінаваціў у дамаганнях свайго колішняга выкладчыка Анатоля Карповіча. Гэта нібыта здарылася, калі Арцёму было 15 год. Каўрыга, які цярер жыве ў ЗША, сказаў, што вырашыў распавесці сваю гісторыю, зараз, праз 15 год, каб вылечыцца ад траўмы і папярэдзіць студэнтаў каледжу і іх бацькоў. 

Чытайце таксама:

«Мне было 15». Былы студэнт абвінаваціў выкладчыка і кіраўніка ансамбля «Белая Русь» у дамаганнях, якія цягнуліся каля года

Каментары да артыкула