Беларускі дырыжор, звольнены з Адэскай оперы, не змог у судзе абараніць сваю рэпутацыю. Суд стаў на бок тэатра
Судовы працэс цягнуўся з 2023 года.
Прыморскі раённы суд Адэсы адмовіў вядомаму беларускаму дырыжору Вячаславу Чарнуху-Волічу ў задавальненні яго пазову да Адэскага нацыянальнага тэатра оперы і балета з патрабаваннем абвяржэння ілжывай інфармацыі, якая, на яго думку, зневажае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, піша Радыё Свабода.
Як адзначаецца ў судовым рашэнні, якое мае ў распараджэнні «Свабода», суд прызнаў: змест інфармацыі, распаўсюджанай тэатрам аб звальненні беларускага дырыжора, «не з'яўляецца ілжывай інфармацыяй, якая падлягае судовай абароне праз абвяржэнне».
Вячаслаў Чарнуха-Воліч можа абскардзіць гэтае рашэнне суда першай інстанцыі да 2 жніўня.
Вячаслаў Чарнуха-Воліч быў звольнены ў красавіку 2023 года з Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета за фота з дырэктарам бакінскай оперы Юсіфам Эйвазавым — мужам расійскай опернай спявачкі Ганны Нятрэбка, якая была даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на ранейшых выбарах, атрымлівала ад яго ўзнагароды, фатаграфавалася са сцягам так званай «Наварасіі» разам з адным з кіраўнікоў прарасійскай адміністрацыі на акупаванай частцы Данецкай вобласці. Ва Украіне супраць яе былі ўведзены санкцыі.
Вячаслаў Чарнуха-Воліч пераехаў у Адэсу пасля звальнення з беларускага опернага тэатра за падтрымку мірных пратэстаў. Пасля звальнення з Адэскай оперы ён працаваў у Кішынёве, у тэатры оперы.