БЕЛ Ł РУС

Вялікабрытанія і Украіна падпішуць гістарычную дамову аб пастаўцы тысяч ракет для СПА

10.07.2025 / 22:20

Nashaniva.com

Вялікабрытанія і Украіна падпішуць гістарычную дамову аб пастаўках тысяч ракет для сістэм супрацьпаветранай абароны (СПА) ад кампаніі Thales. Падпісанне адбудзецца падчас канферэнцыі па аднаўленні Украіны, якая праходзіць у Рыме, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: defence-blog.com

Паводле заявы брытанскага ўрада, дамова дасць штуршок для росту эканомікі Вялікабрытаніі, створыць новыя працоўныя месцы і дапаможа Украіне працягваць змаганне супраць расійскай агрэсіі.

У межах дамовы плануецца пастаўка больш чым 5000 ракет, што істотна ўзмоцніць СПА Украіны.

Акрамя гэтага, Вялікабрытанія пацвердзіла, што на працягу наступнага года выдзеліць Украіне двухбаковую дапамогу ў памеры да 283 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Таксама плануецца выдаткаваць да 10,5 мільёнаў фунтаў на праграму рэформаў дзяржаўнага кіравання і да 1 мільёна — на падтрымку «зялёнага пераходу» ва Украіне.

Брытанская віцэ-прэм’ерка Анджэла Рэйнер адзначыла, што гэтая ініцыятыва сведчыць пра нязменную падтрымку Украіны, у тым ліку ў абароне ад ракетных і дронавых атак, а таксама ў справе аднаўлення краіны.

Сваю падтрымку Украіне пацвердзілі і іншыя ўдзельнікі канферэнцыі: прэм’ерка Італіі Джорджа Мелоні заявіла пра пашырэнне дапамогі ў сферах энергетыкі, транспарту і абароны, а кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паабяцала новыя траншы фінансавай дапамогі.

Чытайце таксама:

ЗША аднавілі пастаўкі ракет і снарадаў для Украіны

Трамп пацвердзіў, што разглядае магчымасць перадаць Украіне сістэму Patriot

Мерц: Магчымасцяў для дыпламатычнага ўрэгулявання ва Украіне больш няма

ЗША павялічаць закуп ракет для «Пэтрыят» у 4 разы

Начальнік сувязі 8-й арміі загінуў у выніку ўдару ўкраінскімі ракетамі

Каментары да артыкула