«Дарагія расейскамоўныя беларусы! Вы пакідаеце незамкнёнымі дзверы хаты, за якімі ўжо стаіць кодла бандытаў»
Перакладчык Сяргей Шупа адрэагаваў у фэйсбуку на ўказ Пуціна аб рускай мове, які тычыцца не толькі Расіі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 11 ліпеня падпісаў указ аб зацвярджэнні асноў дзяржаўнай моўнай палітыкі. Увагу на сябе звяртае фармулёўка, што руская мова з'яўляецца нацыянальным здабыткам Расіі і важным элементам культуры, які аб'ядноўвае шматнацыянальны народ краіны і іншыя народы свету ў адзіную культурна-цывілізацыйную агульнасць рускага свету.
У гэтых словах можна ўбачыць далейшае імкненне да пашырэння рускага свету.
Перакладчык Сяргей Шупа з гэтай нагоды звярнуўся ў фэйсбуку да беларусаў.
«Дарагія расейскамоўныя беларусы! Не, вы не «страляеце ў беларускі народ», як ляпідарна выказаўся адзін геніяльны мысьліцель сучаснасьці.
Вы пакідаеце незамкнёнымі дзьверы хаты, за якімі ўжо стаіць кодла бандытаў і рабаўнікоў. І няважна, як вашу расейскамоўнасьць ацэньваеце вы або я, важна — як яны.
І — ніхто нікога не прымушае і не падганяе. Гэта проста момант, каб падумаць пра культуру і цывілізацыю», — напісаў Сяргей Шупа.