БЕЛ Ł РУС

З навальніцамі і парывістым ветрам. Якім будзе надвор'е на наступным тыдні

13.07.2025 / 7:55

Nashaniva.com

На наступным тыдні ў выніку паступлення цёплага паветра з поўдня тэмпература будзе вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні. Разам захаваецца няўстойлівае надвор'е — дажджы з навальніцамі, моцны вецер. То бок працяглага перыяду сухога надвор'я чакаць не варта. Пра гэта ў прагнозе надвор'я на тыдзень з 14 па 20 ліпеня расказаў сіноптык Дзмітры Рабаў.

У пачатку тыдня на надвор'і адаб'ецца ўплыў атмасферных франтоў з захаду Еўропы. Праходзячы, праз Беларусь, яны прынясуць у панядзелак па заходняй палове, а ў аўторак на большую частку тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Вецер паўднёва-заходні, умераны, пры навальніцах парывісты — да 15-20 метраў за секунду. Вільготнасць паветра да 90%. Уначы ад +10 да +17°C. удзень у панядзелак +25… + 29°C, у аўторак — + 22 … + 27°.

У сярэдзіне тыдня ў Беларусь прарвецца чарговы атмасферны фронт, і надвор’е таксама будзе далёкім ад устойлівай раўнавагі. Воблачна з праясненнямі. У большасці раёнаў часам кароткачасовыя дажджы, захаваецца вялікая верагоднасць навальніц. Вецер паўднёва-заходні, умераны, пры навальніцах парывісты. Вільготнасць да 90%. Уначы ў сераду ад +12 да +19°C, удзень +21…+27°C.

Папярэдне, на пачатку другой паловы тыдня пахаладае.

Беларусь будзе знаходзіцца ў вобласці высокага атмасфернага ціску, на фоне якога атмасферны фронт з захаду прынясе чарговую порцыю дажджоў і навальніц. Уначы і раніцай месцамі туман. Вецер заходні, умераны, пры навальніцах парывісты. Вільготнасць да 90%. Уначы ад +11 да +17°C. Удзень у чацвер +17…+21°C, у пятніцу ад +14°C на захадзе да +24°C на паўднёва-ўсходзе.

На выходных над Беларуссю захаваецца няўстойлівасць у атмасферы — зменная воблачнасць, у большасці раёнаў кароткачасовыя дажджы, захаваецца вялікая верагоднасць навальніц. Вецер заходні, паўночна-заходні, умераны. Уначы і раніцай туман. Вільготнасць да 80%. Уначы ад +9 да +14°C, у сярэдзіне дня ў суботу +18…+24°C, у нядзелю ад +18°C на ўсходзе да +26°C на захадзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула