БЕЛ Ł РУС

Чаму хваробы маладзеюць? Тлумачыць доктар

14.07.2025 / 12:41

Nashaniva.com

У новым выпуску ТОКу вядомы доктар Андрусь Белавешкін, кандыдат медыцынскіх навук і аўтар некалькіх кніг пра здаровы лад жыцця і харчаванне, назваў прычыну таго, чаму ўсё часцей паталагічныя працэсы запускаюцца ў маладым арганізме.

Белавешкін адзначае, што ў сучасных дзяцей і падлеткаў назіраецца ранейшае палавое паспяванне. А галоўная прычына як ранняга палавога паспявання, так і ранняга захворвання — нездаровы лад жыцця.

«Ранняе палавое паспяванне і ранні дыябет — гэта два бакі аднаго медаля. Таму што празмернае пераяданне, пачынаючы яшчэ з дзяцінства, проста запускае раней [працэсы]. Таму што, напрыклад, у дзяўчынак палавое паспяванне пачынаецца, калі яны набіраюць крытычную масу тлушчу».

Той самы механізм працуе і ў хлопчыкаў — тлушч запускае гарманальныя змены раней за фізіялагічную гатоўнасць.

Такім чынам, працягвае эксперт, калі чалавек мае лішнюю вагу ўжо ў дзяцінстве, «а не пасля 25 ён пачаў са стрэсу нешта заядаць», то ён сутыкнецца з развіццём праблем, звязаных з атлусценнем, раней на 5—10 гадоў.

«Атлусценне — гэта не проста касметычны нейкі недахоп, гэта рызыка і дыябету, і дэменцыі, і хваробы сэрца, і яно павялічвае рызыку амаль 15 відаў рака», — даводзіць Белавешкін.

Як тлумачыць доктар, лішні тлушч — гэта «гарманальна актыўны орган».

«У мужчын, напрыклад, чым шырэй талія, тым ніжэйшы ўзровень тэстастэрону. А ў жанчын наадварот, у іх унутраны тлушч павялічвае ўзровень андрагенаў».

У выніку, па словах Белавешкіна, гэта стварае гарманальны дысбаланс, які прыводзіць да праблем з фертыльнасцю.

Чытайце таксама:

Што правакуе рак і чаму анкалогія маладзее

Белавешкін: «Аземпік» проста інструмент, а не нейкі цуд, які ўсім універсальна падыходзіць

Адкрыты новы гармон, які прыглушае апетыт і бароніць ад атлусцення

Каментары да артыкула